Жыхары Віцебску абураюцца тым, што замест аквапарку ўлады наважылі ўшчыльніць жылую забудову ў цэнтры гораду. Як стала вядома сайту charter97.org, мясцовыя ўлады адмовіліся ад будаўніцтва аквапарку і спартовага цэнтру ў цэнтры гораду. Замест гэтага тамсама зьбіраюцца будаваць шматпавярховікі. У новых 760 кватэрах зьбіраюцца пасяліць яшчэ 1300 чалавек. Пра гэта кажа новы плян забудовы раёну.

Традыцыйным сьвятам «У гасьцёх у Марка і Бэлы» 7 ліпеня ў Віцебску адзначылі 127-ю гадавіну з дня нараджэньня знакамітага мастака Марка Шагала. Урачыстасьці, якія праходзілі ў садзе дому-музэю мастака на Пакроўскай вуліцы, адкрыла дачка паэта і старшыні Шагалаўскага камітэту Давіда Сімановіча, які нядаўна пайшоў з жыцьця.

У Глыбокім з 3 па 5 ліпеня сьвяткавалі шасьцісотгодзьдзе з дня заснаваньня. Сьвяткаваньне сумясьцілі зь дзяржаўнымі сьвятамі незалежнасьці і вызваленьня гораду падчас Другой сусьветнай вайны. На ўезьдзе ў Глыбокае пра юбілей нагадваў знак «600 гадоў», зроблены на расейскай мове.

Рэканструкцыя цэху па вытворчасьці кансэрваў на мясной аснове для дзіцячага харчаваньня ў ААТ «Аршанскі мясакансэрвавы камбінат» у 2011-2014 гадох увогуле абыйдзецца прадпрыемству ў 78,1 мільярдаў рублёў (9,9 мільёнаў даляраў паводле сярэдняга курсу даляру за адзначаны пэрыяд). Гэткія зьмены замацаваныя пастановай беларускага ўраду ад 26 чэрвеня 2014 № 623.

1 ліпеня моладзь мусіць распачаць будаўнічыя работы, паведамляе БелТА. На ўзьвядзеньні АЭС, якая аб’яўленая Ўсебеларускай моладзевай будоўляй, Віцебскую вобласьць прадставяць студэнцкія атрады Віцебскага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту (10 чалавек) і Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (13 чалавек).