Аграгарадок Студзёнка – за 12 кілямэтраў ад Сянна. Чорныя панэлькі з выбітымі вокнамі, закрытымі ДСП, і брутальнымі графіці відаць з дарогі. Як толькі мы пад’яжджаем у двор паглядзець на «заброшкі», якімі яны падаюцца звонку, з пад’ездаў выходзяць людзі. Яны тут жывуць.
«Вы паглядзіце, што ў нас робіцца! У сутарэньні каналізацыя зьліваецца, – кажа Вольга. Яе муж уехаў у кватэру ў панэльцы ў 1991 годзе. – Сьцены бурацца, летам блохі – нельга з ложка ногі спусьціць».
«Вы папрасіце, каб вам сутарэньні адкрылі! Там жах, сьнег сышоў – на лодцы можна плаваць! І капалі, і дрэнаж выводзілі... нічога не дапамагае, – кажа яе сусед. – Грошы здымаюць, а якія капітальныя рамонты?»
Праз смурод і рэзрух у сваю кватэру на другім паверсе нас прыводзіць 70-гадовы Аляксандар Уладзімеравіч Малей. Ён жыве тут 26 гадоў разам з жонкай. У іх сямёра дзяцей і 18 унукаў. Але цяпер пэнсіянэры засталіся адны. Моцна перажываюць, што калі прыяжджаюць унукі, то на лесьвіцы такія дзіры, што баяцца, каб тыя ногі не паламалі.
У Малеяў, як і ва ўсіх панэльках, няма ацяпленьня і гарачай вады. У кватэры склалі печ, паляць дровамі.
Сваёй кватэрай Аляксандар Уладзімеравіч амаль ганарыцца. У яго новыя дзьверы, вокны. Усё зрабіў сам. «Старая на пэнсіі, я на пэнсіі. Але яшчэ працую ў сельсавеце», – кажа ён. Аляксандар Уладзімеравіч моцна абураны, што дом у жахлівым стане, а жыроўка за кватэру прыходзіць у 215 тысяч.
«Сьмецьце нават пішуць – паўтары тоны! Дзе ў мяне з бабуляй паўтары тоны сьмецьця?! Вазьміцеся, дзеткі мае дарагія, залатыя. Па 70 гадоў нам ужо. Сам Аўган прайшоў! Таджыкістан! Хоць бы шпалерыну далі! А капрамонт вылічваюць кожны месяц 60 тысяч, тэхабслугоўваньне. А хто абслугоўвае? Мне ніводзін кран за ўсё жыцьцё не памянялі! – амаль плача Аляксандар Уладзімеравіч.
Вольга кажа, што раней гэтыя дамы былі «калгасныя». Некалькі гадоў таму іх перадалі на балянс ЖКГ. Частка кватэраў, якая была свабодная, стала «сацыяльным жытлом». Такую «сацыяльную» кватэру атрымала пэнсіянэрка Еўдакія Мікалаеўна Казакевіч. Яе ўласны дом згарэў.
«У мяне ў пуні было цяплей, чымся ў гэтай кватэры, – са сьлязьмі распавядае жанчына. – Я на калені перад вамі стану, прыміце нейкія меры. Усю сваю крыўду вам распавяду».
У гэтым жытле Еўдакія Мікалаеўна Казакевіч апынулася шэсьць гадоў таму. Кажа, што новае жыцьцё пачынала з «лыжкі і відэльца».
«І такую мне кватэру далі! – кажа пэнсіянэрка. – Печку я сама зрабіла, калі прыехала. Пад Новы год зрабіла рамонт, а так усё абвальваецца проста. Фарбаваць давялося, бо шпалеры не бяруцца. Скажыце, калі ласка, ці можна ў гэтай кватэры жыць?! У мяне ўзімку вада ў кранах замярзае!»
Еўдакія Мікалаеўна кажа, што скардзілася шмат разоў і ня раз была ў ЖКГ. Але нічога не зьмянілася. І гэта відаць па стане і кватэры, і дома.
«Мне прачухонку дадуць, – кажа яна, – але я не баюся». І паказвае жыроўку на тыя ж 200 тысяч рублёў.
Пэнсіянэр па інваліднасьці Валенці працуе, 10 дзён таму ў яго нарадзілася трэцяе дзіця. Малы яшчэ ў шпіталі разам з мамай, а Валенці безь перапынку паліць у печы, каб прывезьці дзіця ў цёплы дом.
«Мы тут сапраўды выжываем, – кажа Валенці. – Уцяпляльнік, гіпсакардон – усё за свае грошы. Адымаеш ад дзяцей. А нікому нічога ня трэба. Крыўдна, што ЖКГ прыходзяць, пагулялі ў карты – і пайшлі. Ані сьмецьце не прыбіраюць, анічога».
Жонка Валенція на стаўку працуе ў дзіцячым садку і на паўстаўкі ў фэльчарска-акушэрскім пункце. Сам Валенці працуе там жа апальшчыкам і санітарам. Заробак у яго 2 мільёны.
«Я, вядома, усё зраблю сам, бо ў мяне ж сям’я, дзеці. Але як такое можа быць зь людзьмі?! » – пытаецца ён.
Жыхароў асабліва абурае, што ў жыроўках зь іх штомесяц вылічваюць за «капрамонт» ад 40 да 60 тысяч. За тэхабслугоўваньне таксама плацяць, але, як кажуць, ЖКГ ім такіх паслуг не аказвае. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова паглядзець на стан гэтых дамоў.
«197 тысяч! За што?!» – крычаць людзі, трымаючы ў руках апошнія жыроўкі.
«Яны да нас не зьвярталіся, – насуперак сьцьверджаньням жыхароў Студзёнкі, заяўляе галоўны інжынэр Сеньненскага ЖКГ Мікалай Жукоўскі.
«Там у свой час была добрая кацельная, з гэдээраўскімі катламі, якія маглі нават Сянно забясьпечыць цяплом, – кажа ён. – Пасьля, калі ўсё гэта развалілася, дамы перадалі нам на балянс з улікам таго, што там ужо кожны неяк пабудаваў свае печкі і пайшлі сваёй дарожкай, як выжываць. Вада там ёсьць, каналізацыя ёсьць, дамы мы абслугоўваем. Усё, што магу сказаць. Ацяпленьня там няма».
Мікалай Міхайлавіч сам зьдзіўляецца, чаму ў панэлькі прыходзяць такія дарагія жыроўкі. Магчыма, выказвае ён меркаваньне, там больш мэтраў на чалавека, чым належыцца паводле нормы.
«У падобных умовах у нас нямала дамоў, – кажа. – Там дзе маглі, аднавілі, а там, дзе няма магчымасьці, – не. Пакуль вось так. Нам перадалі ў такім выглядзе, у якім ёсьць», – кажа галоўны інжынэр і абяцае разабрацца.
Ужо вядома, што 1 траўня 2016 году беларусы будуць стопрацэнтна аплачваць жыльлёва-камунальныя паслугі. Паводле жыроўкі, Еўдакія Мікалаеўна зь пячным ацяпленьнем, без гарачай вады і з рамамі, якія вывальваюцца з вакна, аплачвае 56,13% камунальных паслуг. Пасьля 1 траўня да гэтай сумы дадасца яшчэ амаль 80 тысяч рублёў.
Аляксандра Дынько, Радыё Свабода