На адкрыцьці канфэрэнцыі амбасадар Ізраіля ў Беларусі Ёсіф Шагал паведаміў журналістам, што 19 верасьня ў Менску адбудзецца падпісаньне дамовы пра скасаваньне візавага рэжыму паміж Ізраілем і Беларусьсю. Пасьля гэтага грамадзяне нашых краін змогуць на працягу 180 дзён, гэта значыць паўгода, знаходзіцца на тэрыторыі адпаведна Ізраіля або Беларусі без афармленьня візы. Такое самае пагадненьне дзейнічае паміж Ізраілем і Ўкраінай.
Сёлета пляцоўкамі канфэрэнцыі «Арт-Лимуд Беларусь» сталі Віцебскі мастацкі музэй, Беларускі тэатар “Лялька” і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Якуба Коласа, дзе праходзіла да васьмі мерапрыемстваў адначасова. У праграме «Арт-Лимуд Беларусь 2014» выставы, лекцыі, майстар-клясы, трэнінгі, гульня «Што? Дзе? Калі?», абрад запальваньня сьвечак і ранішняя малітва. Удзельнікі канфэрэнцыі маглі пакінуць сваіх дзяцей пад наглядам выхавальнікаў і важатых, арганізатары падрыхтавалі адразу дзьве дзіцячыя праграмы для розных узростаў: 5-10 гадоў і 11-13 гадоў.
Паводле news.vitebsk.cc і vkurier.by