Пра смерць Аляксандра Мілінкевіча паведаміў у Facebook Ігар Кулей, сын жонкі палітыка. Напрыканцы 2025 года Аляксандр Мілінкевіч перанёс складаную аперацыю на соннай артэрыі. Пасля яе ён доўгі час знаходзіўся ў цяжкім стане і праходзіў рэабілітацыю. Палітыку было 79 гадоў.
Чым вядомы Аляксандр Мілінкевіч:
• Навуковец і выкладчык: Кандыдат фізіка-матэматычных навук, выкладаў у Гродзенскім універсітэце.
• Былы кандыдат у прэзідэнты: У 2006 годзе быў вылучаны адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад аб'яднаных дэмакратычных сіл. Менавіта пасля тых выбараў адбыліся масавыя пратэсты на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску («Плошча-2006»).
• Лаўрэат прэміі Сахарава: У 2006 годзе Еўрапарламент узнагародзіў яго прэстыжнай прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».
• Грамадскі і культурны дзеяч: Шмат гадоў узначальваў Рух «За Свабоду», з'яўляўся заснавальнікам і канцлерам Вольнага Беларускага Універсітэту, а таксама працаваў пазаштатным дарадцам Святланы Ціханоўскай па пытаннях еўрапейскага выбару Беларусі.
Ураджэнец Гарадзеншчыны, ён неаднаразова бываў на Віцебшчыне. Ен увесь час падтрымліваў сувязі з мясцовымі актывістамі. Гэтыя сувязі не перарываліся і пасля прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2006 года, калі палітык выступіў адзіным кандыдатам ад аб’яднаных дэмакратычных сіл.
Візіты у наш рэгіён далёка не заўсёды былі для Аляксандра Мілінкевіча пазітыўнымі і прыемнымі, як тое ж уручэнне прэміі "За свабоду думкі" у "быкаўскіх" Бычках. У лістападзе 2006 года падчас агітацыйнай кампаніі ў мясцовыя органы ўлады аўтамабіль Аляксандра Мілінкевіча на ўездзе ў Віцебск спынілі супрацоўнікі міліцыі і ДАІ. Яго затрымалі па абсурднай прычыне - нібыта ён «падобны да вінаватага ў смяротным ДТП», але пасля разбіральніцтва ў аддзеле ДАІ адпусцілі з прабачэннямі.
У ліпені 2006 года палітыка спынялі ў Віцебскай вобласці, калі ён накіроўваўся наведаць зняволенага тады Паўла Северынца. У багажніку машыны знайшлі лістаўкі, на Мілінкевіча склалі пратакол і адпусцілі.
У пазнейшыя гады Аляксандр Мілінкевіч неаднаразова прыязжаў у Віцебск, дзе падтрымліваў збор подпісаў за незалежных кандыдатаў на ўдзел у выбарах розных узроўняў.
У нашым архіве засталося шмат здымкаў Аляксандра Мілінкевіча, зробленых падчас візітаў у наш рэгіён. Давайце запомнім яго вось такім – усмешлівым, шчырым, прыязным чалавекам, які праз усё жыццё пранёс веру ў годны лёс Беларусі.
Алег Несцераў