«Дагэтуль інфармацыі аб прычынах арышту Міхаіла Жамчужнага няшмат. Дакладна вядома, што крымінальная справа адносна яго распачатая паводле часткі 1 артыкулу 375 (наўмыснае раскрыцьцё эканамічных, навукова-тэхнічных ці іншых зьвестак, якiя складаюць службовую тайну, асобай, якая мае або мела доступ да гэтых зьвестак). А таксама паводле часткі 2 артыкулу 376 (незаконныя выраб або набыцьцё ў мэтах збыту або збыт спэцыяльных тэхнічных сродкаў, прызначаных для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь», — паведамляе «Пляцформа».
Сябры «Пляцформы» дагэтуль ня маюць зьвестак пра тое, у зьвязку з чым Жамчужнаму прад’яўленыя такія абвінавачаньні, а ў адваката ўзятая падпіска пра неразгалошваньне.
Міхаіл Жамчужны — колішні асуджаны па эканамічнай справе прадстаўнік «Пляцформы» ў Віцебску, а да зьняволеньня — дацэнт Віцебскага тэхналягічнага інстытуту, кандыдат тэхнічных навук.
Былы кіраўнік праваабарончай установы «Платформ інавэйшан» Андрэй Бандарэнка сёлета ў жніўні быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня паводле артыкулу аб злосным хуліганстве. Праваабаронца на судзе прызнаў сваю віну часткова, але з такім прысудам не пагадзіўся і абскардзіў яго ў Менскім гарадзкім судзе. Калегія Менскага гарсуду пакінула прысуд бязь зьменаў. У апошнім слове на судзе Бандарэнка казаў пра магчымую правакацыю спэцслужбаў, але не адмаўляў і таго, што «сваімі дзеяньнямі гэтаму дапамог».