Пятніца, 21 Лістапад 2014

Баевік ДНР зь Віцебску: «Наваросія — гэта тэма: і ты пры справе, і сям’ю можна пракарміць»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жыхар Віцебску, які адправіўся ваяваць ва Ўкраіну на баку самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі, распавёў сайту «Русская планета», навошта добраахвотнікі насамрэч едуць у Данбас.

На пачатку кастрычніка старшыня КДБ Беларусі Валер Вакульчык, выступаючы ў беларускім парлямэнце, папярэдзіў: удзел грамадзян краіны ва ўзброеным канфлікце ва Ўкраіне на любым баку - крымінальна каральны ўчынак. «Безумоўна, мы маем адказнасьць за найміцтва. Пры гэтым усё роўна, на якім баку ваююць гэтыя беларусы. Гэта падпадае пад дзеяньне нашага заканадаўства. У выпадку выяўленьня і даказанасьці такіх дзеяньняў будзе прымацца рашэньне, - сказаў кіраўнік КДБ. - Калі такая крымінальная справа будзе, то гэта будзе вядома, СМІ пра гэта даведаюцца».

Беларусы, якія бяруць удзел у ваенных дзеяньнях ва Ўкраіне, могуць быць прыцягнутыя да адказнасьці паводле артыкулу 133 КК Рэспублікі Беларусь - «найміцтва». Артыкул прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў. Адказнасьці падлягаюць і тыя асобы, якія займаюцца вярбоўкай беларускіх грамадзян для ўдзелу ў супрацьстаяньні ва Ўкраіне (артыкул 132 КК). Вярбоўка, навучаньне, фінансаваньне, іншае матэрыяльнае забесьпячэньне і выкарыстаньне наймітаў для ўдзелу ва ўзброеных канфліктах або ваенных дзеяньнях караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад сямі да пятнаццаці гадоў. Таму тыя беларусы, якія ўсё ж наважыліся адправіцца ў ахоплены вайной Данбас, у адрозьненьне ад шмат якіх расейцаў, што паехалі ва Ўкраіну, не раскрываюць сваіх імёнаў, баючыся крымінальнага перасьледу. «Русская планета» пагутарыла з адным з такіх - 27-гадовым жыхаром Віцебску, які да нядаўняга часу ваяваў у ДНР. Атрымаўшы ў ходзе баёў кантузію, ён вярнуўся ў Віцебск на рэабілітацыю.

- Мяне завуць Сяргей. Гэта сапраўднае імя - з такім імем нічога і прыдумляць ня трэба. На вайне быў пазыўны «Наезьнік», - пачаў размову суразмоўца.

- Чаму?

- Ды ня ведаю. Мабыць, таму што я як прыехаў, адразу заявіў, што ўнутры БТРа езьдзіць ня буду, толькі на брані. Гэта першае, чаму мяне баця вучыў. Казаў: «Унутры згарыш - і хаваць будзе няма чаго. А з броні саскочыў - і жывы!».

- Ці шмат беларусаў ваюе на ўсходзе Ўкраіны?

- Сустракаюцца досыць часта. То бок гэта не экзотыка. Я б сказаў, пароўну з абодвух бакоў, але гэта вельмі прыблізная ацэнка. Проста ў Наваросіі беларусы расьцярушаныя - прыехалі па розных каналах, ваююць у розных атрадах… На баку Кіева яны больш аб’яднаныя, бо туды ехалі мэтанакіравана беларускія нацыяналісты, яны адзін аднаго знаюць. Яшчэ на пачатку лета шмат казалі пра беларускі атрад «Пагоня», які фармуецца, каб ваяваць на баку Кіева. Потым пра яго казаць перасталі. Я так разумею, хлопцы ўвайшлі ў адзін з атрадаў «Правага сэктару» і зьмянілі назву, каб іх складаней было вылічыць. Але там, у правасэкаў, я так разумею, беларусы ўсё ж разам трымаюцца.

- Як ты сам трапіў на ўсход Украіны?

- Я не магу гэта распавесьці - я падстаўлю людзей. Магу сказаць, як не патрапіў. Спачатку ў нас у Віцебску сталі зьяўляцца ўлёткі ад імя РНЕ, якія заклікалі ехаць абараняць Славянск. Шмат такіх улётак я бачыў і калі прыяжджаў у Менск. Усюды была адсылка на суполку «УКантакце», дзе, уласна, і ладзілася вярбоўка. Але я ніколі не давяраў баркашоўцам, таму і ня стаў зь імі зьвязвацца. Трапіў я туды ўжо пазьней, і адразу ў Данецк - там якраз тады ўсё распачыналася.

- Табе шмат плацілі? Абяцаньні наконт аплаты наогул выконвалі?

- Так, давай адразу вызначымся. Ані я, ані мае знаёмыя ня ехалі туды па грошы. Але і не дзеля ідэі. Там наогул да «ідэйных» дрэнна ставяцца. Яны едуць, трымаючы ў галаве нейкі рамантычны вобраз вайны. А пасьля першай перастрэлкі ў іх некалькі дзён панос. У прамым сэнсе.

Я скажу, хто туды ехаў. Ехалі тыя, хто не знайшоў сябе ў жыцьці тут. Каму ня сьвеціць анічога, апрача як сьпіцца на мясцовым заводзе, ажаніцца на непрыгожай бабе і пладзіць дзяцей, якім наканаваны такі самы лёс. Хто ня можа вырвацца з правінцыі, дзе ўсё застыла так, як было 20 гадоў таму. З тых беларусаў, якіх я там сустракаў, няма ніводнага менчука. Таму што ў іх менталітэт іншы, яны інакш бачаць жыцьцё, у іх іншыя магчымасьці.

Я пэўна ведаю, што менчукі былі на тым баку, у украў. Але там былі нацыяналісты, з тых, што ў 90-я па Менску зь бел-чырвона-белымі сьцягамі маршыравалі. Сур’ёзныя хлопцы, так. А тыя, хто ехаў, як я - з правінцыі, - яны ніколі да палітыкі дачыненьня ня мелі. Ехалі ваяваць таму, што нам патлумачылі: там будзе новая краіна, і жыцьцё ў ёй можна будзе распачаць нанова. Стаць кімсьці. Казалі, што калі ўсё скончыцца, тым, хто захоча застацца, дадуць хату і зямлю. Што мы там героямі будзем, як і ўсе, хто за незалежнасьць змагаўся. Вядома, грошы таксама абяцалі, але не залатыя горы. То бок ехалі не па грошы, ехалі дзеля магчымасьці пераламіць свой лёс.

- З кім вам там даводзілася ваяваць «плячом да пляча»? Гэта мясцовыя? Найміты? Добраахвотнікі?

- У розных рэгіёнах усё па-рознаму. Там нават у дзьвюх суседніх баявых зонах усё можа быць па-рознаму. Як было ў нас - прыкладна 50 на 50. Гэта значыць палова мясцовых, палова прыежджых. Прыежджыя - у асноўным з гарадоў поўдня Расеі, добраахвотнікі. Шмат такіх самых, як мы, то бок тых, што згубіліся па жыцьці, якія сядзелі бяз працы. Гэта ў Беларусі цябе працай заўсёды забясьпечаць, хай у правінцыі і плацяць капейкі, але дзяржава працу дасьць. А хлопцы, што прыехалі, скажам, з Камышына, Саратава, Арэнбургу, распавядалі, як па паўгода бяз працы сядзелі.

Адзін мне казаў: «У 90-е хто бяз працы заставаўся - у брыгаду да бандытаў ішоў. Але цяпер гэта ня тэма, туды не ідуць. А Наваросія - гэта тэма, гэта і ты пры справе, і сям’ю можна пракарміць». То бок нармальныя такія хлопцы. І камандзір нармальны. Ён расеец, адстаўны маёр, служыў у 14-й арміі якраз падчас канфлікту ў Прыднястроўі.

Адзінае, чаго нам ніколі не казалі, дык гэта адкуль тая зброя, якой мы ваюем. Ведаю пэўна, што адсоткаў на 70% - зь мясцовых разрабаваных арсэналаў. Але былі і такія ўзоры, кшталту АК105, АК102, якіх ва ўкраінскім войску ніколіне было. Але мы не пыталіся. Менш пытаньняў - менш праблем.

Яшчэ рэгулярна даводзілася сутыкацца з казакамі - расейскімі, у сэнсе. Яны на сваіх грузавіках увесь час туды-сюды маталіся. Ня ведаю, чаго ім на месцы не сядзелася. Але мы казакам не давяралі. Гэта яны перад тэлекамэрамі сьмелыя, а ў баі бягуць першыя. І лянівыя яны дужа. Нам камандзір заўсёды паўтараў: «Больш поту - менш крыві». Вось мы зямлю і капалі. У нас заўсёды былі і асноўныя акопы, бліндажы, і запасныя. А казакі ніколі нічога такога не рабілі. Казалі: «Мы не мужыкі, каб зямлю рыць. Наша справа - кавалерыйская атака». А самі сядзяць, шашлыкі смажаць.

- Чачэнцы там ваююць? Ці праўду пра іх расказваюць?

- Ня ведаю, мы не перасякаліся. Чуў я пра іх шмат, гэта так. Чуў самае рознае. Але гэта ж вайна. Чуткі могуць хадзіць самыя неверагодныя, дык што я нічога не скажу - не хачу казаць, чаго ня бачыў сам.

- Што яшчэ запомнілася?

- Там усе бяруць закладнікаў. Гэта проста валюта такая. Ня толькі супернікаў у палон, ці там хто раней жоўта-блакітны [сьцяг] вывешваў. Бяруць і проста мясцовых. Колькі разоў да нас па дапамогу прыяжджалі! Прыйдзе жанчына, гадоў 50, і плача: «Хлопчыкі, дапамажыце, суседзі вунь вашыя мужа з сынам адвялі ўначы. Ведаю, у міліцыі мясцовай іх трымаюць, але мяне не пускаюць». Ну, едзем, разьбіраемся. Кажам, што гэтыя мясцовыя нам дапамагаюць, навошта вы іх забралі? Наш атрад ведалі, паважалі, таму людзей заўсёды адпускалі.

Яшчэ, памятаю, у адміністрацыі Макееўкі быў, бачу - на першым паверсе, у паўпадвале, чалавек дзесяць сядзяць, вочы завязаныя, рукі зьвязаныя. Мужчыны ўсё. Пытаюся, хто гэта? Кажуць: «Укропаў ў палон узялі». «І навошта яны вам? Абмянялі б на сваіх». «Няхай папрацуюць, аднаўляюць, што разбурылі», - адказваюць. «Дык яны ж у вас не працуюць, сядзяць проста», - зьдзівіўся я. Адказалі, што не майго розуму справа.

- Сталыя абстрэлы мірных раёнаў, дамоў, школ, якія паказваюць па тэлевізары, гэта праўда ці прапаганда?

- Ні тое, ні другое. Вядома, ніхто не дзяўбе з «Градаў» мэтанакіравана па жылых кварталах, ні укры (рэгулярнае войска), ні нацгвардейцы, ні мы. Няма там такога. Дый ня столькі там ва ўсіх боепрыпасаў, каб дзяўбці ў белы сьвет, як у капеечку. Ведаеце, колькі адна ракета «Граду» каштуе? А ракета «Урагану» яшчэ ў дзесяць разоў даражэй! Дык што няма такога, каб расстрэльваць мірных жыхароў адмыслова. Але калі, скажам, у двары жылога дому мінамёт паставіць і агонь весьці, нават усяго два-тры стрэлы, то адказка, вядома, прыляціць. Прыляціць туды, адкуль стралялі. І, вядома, у дом таксама трапіць можа, і трапляе. Я такое мноства разоў бачыў.

Наогул, вельмі шмат глупстваў на вайне робіцца. Але некаторыя рэчы зьдзіўляюць. Напрыклад, могуць руйнаваць усё, але сотавая сувязь будзе працаваць. Ня ўсюды, вядома, але збольшага працуе. Таму што патрэбная і апалчэнцам, і украм. Я за ўвесь час у зоне баёў ніводнага спадарожнікавага тэлефону ня бачыў, яны там проста не патрэбныя. Пры неабходнасьці ў большасьці выпадкаў працуюць сотавыя.

Яшчэ вось што хачу сказаць. Пацаном я цікавіўся зброяй, чытаў шмат пра гэта. Чытаў, напрыклад, што кучнасьць у АК значна менш, чымся ў амэрыканскай М16. А там зразумеў - лухта ўсё гэта! Калі пруць на тваю траншэю, ты нават сам зь яе не высоўваесься - падняў над бруствэрам рукі з аўтаматам і паліш у бок праціўніка, а сам яго нават ня бачыш. Называецца «прыціскаць агнём», пакуль свае не падтрымаюць з КПВТ і мінамётаў. Якая тут нафіг кучнасьць?

- Ты вернесься ў Данецк?

- Вярнуся. Але, напэўна, толькі бліжэй да вясны. Усё адно ўзімку ніхто ваяваць ня будзе. Гэта толькі Чырвоная армія ў Вялікую Айчынную зімой ваявала. А такія атрады, як у ДНР, у ЛНР, яны ўзімку не ваююць. Я вярнуся, бо я не дарабіў сваю справу.

Крыніца: Русская планета