Гісторыя будаўніцтва раддома пачыналася яшчэ ў снежні 2010-га, калі ў абласных газетах паведамлялі, што ў Полацку будзе ўзведзены сучасны радзільны дом, «вядучы перынатальны цэнтр рэгіёна». Праект уключаў два карпусы, трох– і чатырохпавярховы, агульнай плошчай 15 тысяч квадратных метраў, дзе мусілі размясціцца 80 ложкаў для пацыентаў у адна– і двухмесных палатах з сучасным абсталяваннем. Нават быў прадугледжаны падземны пераход праз дарогу. Мясцовыя ўлады казалі пра адкрыццё ў красавіку 2012-га, максімум у 2013 годзе. Кіраўніцтва гарадской бальніцы разлічвала, што сюды будуць прымаць не толькі палачанак, але і жыхарак навакольных раёнаў.
Але ў канцы 2012-га палачане даведаліся, што акушэрскае аддзяленне ў горадзе закрываюць, а ўсіх жанчын накіроўваюць у суседні Новаполацк. У комплекснай праграме развіцця Полацка ліквідавалі пункт пра будаўніцтва радзільнага дома, яго замянілі на “рэканструкцыю корпуса ў Наваполацку”. Пачалася кампанія пратэстаў: у «Аднакласніках» стварылі групу падтрымкі раддома, па вуліцах хадзілі валанцёры са спісамі, тысячы людзей падпісваліся за яго захаванне, прыгадвае тагачасныя падзеі “Наша Нава”.
У адкрытым лісце жанчыны звярталіся да ўладаў: «Мы маем права нараджаць у сваім горадзе. Калі жыццё жанчыны і дзіцяці залежыць ад кожнай хвіліны, патрачанай на дарогу, — прамаруджанне падобна да смерці». Але чыноўнікі далі адказ, што ў вялікіх гарадах адлегласць да раддома можа быць большай, чым адлегласць паміж Полацкам і Наваполацкам, а калі трэба — пусцяць больш рэйсаў паміж гарадамі. Узвядзенне радзільнага абвясцілі немэтазгодным.
Падмуркі засталіся стаяць, бетонныя слупы паступова ржавелі, у катлаване збіралася вада, і ўся будоўля ператварылася ў балота і сімвал безгаспадарнасці. За гэтыя гады з’яўляліся розныя абяцанні: перапраектаваць пад жыллё, аддаць пад інтэрнаты, прадаць з аўкцыёну. У афіцыйных адказах паўтаралася адно і тое ж: «працуем над рашэннем». У выніку рашэнне знайшлося толькі праз дванаццаць гадоў. У красавіку 2024 года на пляцоўку прыйшоў наваполацкі трэст №16. Экскаватары асушылі нізіну, вывезлі арматуру і пачалі зносіць сваі. Работы ішлі ў паскораным рэжыме — трэба было «прыбраць» горад да Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які праходзіў у чэрвені 2024 года. А мільёны рублёў, якія тут шматабяцальна засвоілі, былі закапаныя ў зямлю разам з будаўнічым смеццем.