Серада, 10 Верасень 2025

"Экстрэмістам" абвешчаны Віталь Броўка - вядомы ў Віцебску арганізатар канцэртаў і былы ўладальнік легендарнага арт-паба "Торвальд"

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Яго імя і прозвішча з'явілася 10 верасня ў абноўленым «Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» на сайце МУС  - у якасці ўдзельніка "экстрэмісцкага фармавання" з назвай "Орг BY". Рашэнне прызнаць  "Орг BY" "экстрэмісцкім фармаваннем" 2  верасня  прыняў КДБ. У якасці адзінага рэсурса, дзе збіраліся "экстрэмісты", названы Telegram-канал пад назвай  "Орг BY", які зараз не існуе.  Не існуе і такой структуры: проста ў 2020 годзе арганізатары канцэртаў з розных гарадоў запачаткавалі  чат, дзе абмяркоўвалі працоўныя праблемы.

Віталь Броўка вядомы ў Віцебску чалавек, яму належаў паб «Торвальд» у цэнтры гораду. Гэта было месца для мноства канцэртаў і культурных падзеяў. Падчас ковіду  каманда арт-пабу «Торвальд» пачала гатаваць ежу для лекараў з чатырох мэдычных установаў Віцебску.  

 Пасля пратэстаў 2020 года праз ціск уладаў паб зачыніўся.Віталь Броўка быў вымушаны пакінуць Беларусь у сувязі з немагчымасцю працягваць далей сваю справу. Спярша ён выехаў у Кіеў, дзе спрабаваў аднавіць  дзейнасць арт-паба "Торвальд". Тут, як і ў Віцебску, праходзілі канцэрты беларускіх выканаўцаў, адкрытыя лекцыі, дыскусіі, працавалі курсы беларускай мовы "Мова нанова".  Але неўзабаве пасля  вайсковага нападу з боку Расіі арт-паб  быў вымушаны згарнуць     сваю дзейнасць, а яго ўладальнік пераехаў у Польшчу.

Сяргей Пальчэўскі