Лідэр гурта HandmadE Яўген Валошын сутыкнуўся з адмовай, калі прапанаваў да ратацыі на радыё «Віцебск» сваю новую песьню «Нямое кіно». Музычны рэдактар радыёстанцыі Дар’я Пацехіна, атрымаўшы аўдыёфайл, адразу папярэдзіла ў карэктнай форме, што творы на беларускай мове яны не ратуюць.
«Не хачу, каб гэта выглядала на скаргу, бо дзяўчына з радыё з увагаю паставілася да майго звароту, паслухала, адказала. Проста такая сытуацыя склалася канкрэтна ў Віцебску, я думаю. Даюць свае вынікі помнікі прарасейскім дзеячам. Ды яшчэ, можа, недагляд мясцовага аддзелу культуры, які курыруе гэтае радыё», — пракамэнтаваў гэты выпадак лідэр HandmadE.
Песьні гэтага гурта ратуюцца на іншых беларускіх дзяржаўных радыёстанцыях, у прыватнасьці на радыё «Гродна», «Мінская хваля», радыё «Сталіца». Гурт таксама пастаянна запрашае на здымкі тэлеканал АНТ.
Крыніца: Tuzin.fm