Пятніца, 27 Снежань 2024

Неабыякавы чалавек два гады змагаецца за рамонт лесвіцы ў віцебскім парку імя 30-годдзя ВЛКСМ

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Парк імя 30-годдзя ВЛКСМ – адзінае з вызначаных для пікетавання месцаў у Першамайскім раёне. Ужо хаця б дзеля гэтага ён мусіў бы выглядаць больш-менш прыстойна, не кажучы ўжо пра вялікі «прыродны патэнцыял» гэтага месца. Парк знаходзіцца на высокім узбярэжжы Дзвіны, і да берага, дзе калісьці быў пляж і спыняліся рачныя цеплаходы, некалі вяла прыгожая шырокая лесвіца. Цяпер няма ні пляжа, ні прыстані, а лесвіцца развальваецца.

Парк імя 30-годдзя ВЛКСМ насамрэч быў закладзены ў канцы 1940-х да 30-годдзя камсамолу маладымі работнікамі фабрыкі імя КІМ (Камуністычнага інтэрнацыяналу моладзі) – прадпрыемства, якое даўно збанкрутавала і зачынілася. Калісьці там былі традыцыйныя савецкія скульптуры, атракцыёны, аглядальная пляцоўка на самым беразе Дзвіны і лесвіца, якая вяла да берага. Цяпер яе прыступкі развальваюцца, і вядзе яна ў нікуды – у хмызы, якімі парос некалі маляўнічы бераг.

У заняпад прыйшоў і ўвесь парк: у пачатку 2000-х многія гараджане нават не здагадваліся, што пляцоўка за басейнам «Камсамолец», засаджаная рэдкімі дрэвамі – гэта і ёсць месца культуры і адпачынку. Самымі частымі наведнікамі там даўно сталі аматары алкаголю... Таму і выкарыстанне яго ў якасці месца для грамадскіх мерапрыемстваў доўгія гады было праблематычным.

Змагацца за аднаўленне аднаго з найпрыгажэйшых элементаў парка актывіст Дзмітрый Карняенка распачаў ужо даўно. Што паказальна – ужо некалькі год ягонае змаганне ідзе нібыта паралельна са спробамі гарадскіх уладаў таксама нейкім чынам добраўпарадкаваць стары парк.

Так, падчас абвешчанага гарвыканкамам суботніка ў красавіку 2023 года сіламі работнікаў мясцовых прадпрыемстваў прыбралі смецце і пустыя пляшкі, паставілі некалькі лавак, пасадзілі кветкі на клумбах. А ў ліпені таго ж года дзяржазная газета «Витебские вести» абвясціла, што парк адкрыўся пасля добраўпарадкавання. І ў парку, маўляў, з“явілася Алея міру.

Што цікава – ніводнага новага дрэва на Алеі міру не з'явілася. Яе заснавальнікі з Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру проста ўсталявалі шыльду з назвай. Шыльды са словамі пра мір прымацавалі і на лаўкі ўздоўж старой алеі. З нагоды ўсяго гэтага зладзілі святкаванне з выступамі раённага начальства і калектываў мастацкай самадзейнасці. А дрэвы ў парку растуць усе тыя ж, што ў 1950-я гады, пасля Вялікай Айчыннай вайны, пасадзілі гараджане.

Тады ж, у 1950-я гады, проста з тэрыторыі парка, якая складае 3 га, са стромкага берага быў зроблены спуск да Дзвіны. Нічога падобнага ў іншых віцебскіх парках няма, хаця магла б атрымацца шыкоўная зона адпачынку...

Лісты ў гарвыканкам наконт рэканструкцыі лесвіцы адзін за адным ідуць ужо два гады. І невядома колькі іх давядзецца даслаць яшчэ, бо ў апошнім грамадскаму актывісту Дзмітрыю Карняенку адказалі, што «прадпрыемства "Віцебскі Зелестрой" выканала 80% работ па рамонце лесвіцы ў парку 30-годдзя ВЛКСМ». Астатняе абяцаюць зрабіць у наступным годзе.

Феліцыян Красоўскі