Серада, 11 Снежань 2024

Жыхарка Віцебска правяла эксперымент: больш за месяц сачыла, ці прыбяруць смецце ў яе двары. Хочаце даведацца пра вынік?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Усё пачалося з бытавой сітуацыі: нехта выкінуў пакеты з недаедкамі проста ў двор дома №8 па вуліцы Чкалава. «Нехта «добры» паклапаціўся пра абед для птушак», - адкаментавала здарэнне мясцовая жыхарка. І зняла яго на відэа: ёй стала цікава, як доўга ў двары дома праіснуе гэтая «птушыная сталоўка».

Цікаўнасць была невыпадковай: дворнікаў каля дома №8 не бачылі даўно. Таму пустыя каляровыя пакеты, якія птушак болей ужо не цікавілі, праляжалі на гэтым месцы з восені аж да першага снегу ў пачатку зімы.

Найпершая прэтэнзія жынчыны, вядома, да тых суседзяў, хто наважыўся засмеціць двор. Але другая – да таго, што двор месяцамі не прыбіраецца.

Партал Vitebsk.biz вырашыў умяшацца ў сітуацыю і звярнуўся ў ЖЭУ №9. Майстар участка распавёў, як працуюць дворнікі ў гэтым раёне:

«Усё ўпіраецца ў тое, што не хапае людзей. Дворнік на гэтым участку працуе, але ў яго яшчэ 4 дамы на кантролі. Працуем усе разам: і майстры, і дворнікі. Вакансіі пастаянна абнаўляем, даем аб'явы».

Работнік ЖЭУ распавёў, што толькі цяпер, ужо пасля першых снегападаў, дайшла чарга да вывазу лісця з гэтага двара. Чаму так доўга чакалі? Ды ўсё таму, што бракуе людзей, а працы шмат – дворнікі выходзяць на працу ў 4-5 гадзін раніцы...

Мужчына згадаў таксама, што дворнікамі ў Віцебску гатовыя ўладкаваць нават «кліентаў» ЛПП – з лячэбна-працоўным прафілакторыем, куды накіроўваюць тых, хто злоўжывае алкаголем, нават была заключана адмысловая дамова. Але кадравай праблемы гэта не вырашыла.

Чамусьці гарадскія ўлады не разглядаюць такі варыянт, каб зрабіць больш прывабнымі ўмовы працы тык, хто сочыць за чысцінёй. Паводле сайтаў з прапановамі працы, «прыбіральшчыку тэрыторый» - прасцей, дворніку, "Гардармост" абяцае плаціць 626 -800 рублёў. Гэта самая нізкая стаўка ў арганізацыі, якую прадпрыемства прапануе работнікам за цяжкую фізічную працу.

Таццяна Арэхава