«Тут часта ходзяць людзі, а стан некаторых маршаў лесвіцы выглядае як аварыйны. Ёсць небяспека сходу прыступак і траўмавання пешаходаў. Некаторыя пліткі згубілі сваю цэласнасць. У некаторых месцах адходзяць цэлыя лесвічныя шэрагі», - гаворыцца ў петыцыі №5978 на сайце petitions.by.
Яе складальнікі патрабуюць «правесці праверку фактаў нездавальняючага стану пазначанай лесвіцы; вылучыць грашовыя сродкі на рамонт гэтай лесвіцы; зрабіць у максімальна сціснутыя тэрміны рамонт у адпаведнасці з Патрабаваннямі нарматыўных (а таксама тэхнічных) прававых актаў. А найперш - даць абгрунтаваны і матываваны адказ па сутнасці з канкрэтнымі фармулёўкамі і спасылкамі на нарматыўныя прававыя акты».
Петыцыю ўжо накіравалі ў гарадскі выканкам. Цікава будзе пачытаць адказ ад уладаў, якія якраз цяпер выдаткоўваюць з бюджэту немалую суму грошай на стварэнне ў горадзе плошчы герба і сцяга з 69-метровым флагштокам. Недахопу сродкаў на гэта няма. А стан лесвіцы ў самым цэнтры горада, каля самай плошчы Перамогі, улады нібыта і не заўважаюць.
Валянцін Конкін