«Мясцовая дарожная сетка на тэрыторыі Віцебскага раёна прадстаўлена амаль 2 тысячамі кіламетраў аўтадарог», -- гаворыцца ў артыкуле. Запомнім гэтую лічбу для параўнання з дадзенымі, прыведзенымі ў тым жа тэксце пра «рэкорднасць». Чытаем: «Новы асфальт з'явіўся на 34,4 кіламетра дарог рэспубліканскага значэння, якаснае і сучаснае пакрыццё - на 26,9 кіламетра мясцовых дарог. Да таго ж 7,6 кіламетра з іх пераведзены з разраду жвіровых у асфальтаваныя. У сельскіх населеных пунктах Прыдзвіння заасфальтавана 1,7 кіламетра вуліц, а таксама 12 прыдамавых тэрыторый». Вынікае, што новым асфальтам пакрылі усяго 70 км дарожнага палатна на ўвесь раён. Гэта 3,5% ад агульнай працягласці дарог.
Чытаем далей: «У Віцебскім раёне камісія па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху, якая дзейнічае пры райвыканкаме, ужо правяла маніторынг гатоўнасці дарожных і жыллёва-камунальных арганізацый да ўтрымання аўтамабільных дарог і вуліц у зімовы перыяд». Камісія вызначылася і з колькасцю тэхнікі, якая будзе абслугоўваць дарогі падчас снегападаў. «Жыллёва-камунальнымі арганізацыямі падрыхтавана 17 адзінак пескараскідальнай, 20 - снегаачышчальнай, а таксама 9 адзінак - пагрузачнай тэхнікі», - гаворыцца ў артыкуле. Памятаем пра 2 000 кіламетраў дарог у Віцебскім раёне? Ці дастатковы ўзровень падрыхтоўкі?
Адказ на гэтае пытанне – у апошнім сказе артыкула: «Пасільную дапамогу па расчыстцы аўтадарог Прыдзвіння па традыцыі зімой будуць аказваць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна». Атрымліваецца, чытачоў віцебскай гарадской газеты адкрыта ўводзяць у зман, распавядаючы пра няісныя «рэкорды».
Святлана Разумава