Аўторак, 15 Кастрычнік 2024

Жыхары праблемнай вуліцы ў Тулава скардзяцца старшыні райвыканкама

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Старшыня выканкама Віцебскага раёна Сяргей Ягораў правёў сустрэчу з мясцовым насельніцтвам. Большасць тых, хто прыйшоў на прыём, - жыхары вуліцы Навасёлаў. Самі яны ўжо даўно не «навасёлы», і таму распавялі пра праблемы дамоў, узведзеных яшчэ ў 1980-я гады. Сяргей Ягораў паабяцаў асабіста агледзець жытло насельнікаў Тулава, перш чым аддаць адпаведныя распараджэнні.

На прыём да старшыні райвыканкама прыйшла жыхарка дома №11 па вуліцы Навасёлаў. Па яе словах, у гэтым доме прамярзаюць сцены. Якую рэакцыю гэта выклікала ў спадара Ягорава і старшыні сельскага выканкама Алены Шамшуры, газета «Віцьбічы» не паведамляе.

А вось на скаргу жыхароў дома №13 кіраўнік Віцебскага раёна адрэагаваў нетрадыцыйна: паабяцаў асабіста паглядзець на стан дома. Яго насельнікі распавялі, што ў доме працякае дах. Сяргей Ягораў зазначыў, што ў выпадку неабходнасці дашле адмыслоўцаў дла абследавання, і ў доме, магчыма, будзе зроблены капітальны рамонт.

Каб улады не забыліся на сваё абяцанне, жыхары дома №13 вырашылі падмацаваць свае пазіцыі і заручыцца пісьмовым адказам. Для гэтага яны склалі пісьмовы зварот на імя Сяргея Ягорава. У звароце яны згадваюць, што ў суседнім доме №12 капітальны рамонт ужо зроблены, а суседзям даводзіцца толькі зайздросціць.

«Основной проблемой является протекающая плоская крыша, которая во время дождей не справляется с отводом воды. Это приводит к тому, что стены подъездов постоянно остаются мокрыми, и возникает угроза разрушения конструкций. В верхних квартирах во время дождя с потолка капает вода в местах закрепления электрических осветительных люстр, что может привести к повреждению электрических линий», - пішуць жыхары дома №13. Яны просяць, каб у будынку хаця б адрамантавалі дах, калі капітальнага рамонта трэба будзе чакаць яшчэ некалькі гадоў з-за адсутнасці фінансаў.

Лідзія Галавенкова