Аўторак, 15 Кастрычнік 2024

У Віцебску запачаткавалі новую вайскова-прыкладную гульню «Натиск»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

І гэта зусім не «Зарніца», у якую гулялі некалькі пакаленняў беларусаў. У дзіцячых летніках выхаванцы са смехам здзіралі папяровыя пагоны ў «ворагаў» і перахоўвалі сцяг свайго «падраздзялення»...  Удзельнікі «Натиска» - студэнты розных ВНУ Віцебска - рыхтуюцца да самай сапраўднай вайны. Ідэю арганізатары «падгледзелі» на Гомельшчыне: там ужо два гады праводзіцца вайскова-прыкладная гульня «Прорыв».

Ініцыятарамі правядзення гульні выступілі абласное падраздзяленне Беларускага саюза афіцэраў і партыя "Белая Русь" пры садзейнічанні іншых арганізатараў. Мерапрыемства прайшло ў 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе на тэрыторыі в/ч 52287 «у мэтах умацавання прэстыжу службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, выхавання патрыятызму, удасканалення навыкаў моладзі ў ваеннай падрыхтоўцы і ваенна-прыкладных відах спорту».

Рэктар ВДУ імя Машэрава, дзяячка «Белай Русі» Валянціна Багатырова заявіла, што мілітарызацыя моладзі сёння жыццёва неабходная, як і самыя катэгарычныя ідэалагічныя патрабаванні да маладых людзей: «Непростая геополитическая ситуация, складывающаяся в мире и по внешним контурам нашего государства, требует от нас демонстрации приверженности государственному строю и практической отработки поддержки государственной политики молодежью. Инициатива, проявленная Белорусским союзом офицеров, безоговорочно была поддержана высшей школой области. Уверена, что в перспективе еще больше команд от вузов Витебщины будут принимать участие в соревнованиях по медицинской и боевой подготовке».

Пакуль у спаборніцтвах прынялі ўдзел 10 каманд толькі  трох ВНУ вобласці: ордэна Дружбы народаў медыцынскага і тэхналагічнага дзяржаўных універсітэтаў, дзяржуніверсітэта ім. П. Машэрава. Для студэнтаў арганізавалі турніры з назвамі «Бой у горадзе»,  «Тактычная стральба» і гд. Моладзь мусіла прадэманстраваць навыкі  хуткага экіпіравання ў сродкі індывідуальнай абароны, разборкі-зборкі аўтамата АК-74, узвядзення абарончага фартыфікацыйнага збудавання з 20-кілаграмовых мяшкоў з пяском, снайперскую дуэль, марш-кідок з пераадоленнем паласы перашкод, аказанне першай меддапамогі параненым.

Быў і інтэлектуальны турнір ідэалагічнага зместу пад назвай «Помним о прошлом, гордимся настоящим, думаем о будущем!»

Пераможцамі былі прызнаныя будучыя настаўнікі – прадстаўнікі ВДУ. Яны казалі, што доўга рыхтаваліся да спаборніцтваў – удзельнікаў нават «здымалі» з лекцый і практычных заняткаў. Прафесійныя веды зараз, падобна, «не ў модзе».

Арына Пячэрская