Панядзелак, 14 Кастрычнік 2024

У Шуміліне на добраўпарадкаванне брацкай магілы накіравалі былых зняволеных

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На Віцебшчыне пашыраецца практыка, калі асобаў, што стаяць на ўліку ў крымінальна -выканаўчай інспекцыі, прыцягваюць да бясплатнай працы. У Шумілінскім РАУС гэта назвалі «выхаваўчым мерапрыемствам» на тэму «Работа и труд всё перетрут», да ўдзелу ў якім прыцягнулі адмысловы кантынгент. З кропкі гледжання заканадаўства аб працы, тут не ўсё гладка.

Тэлеграм-канал раённай газеты «Герой працы» паведаміў пра тое, што з «16 осужденными, проживающими на территории района, проведены беседы об преодолении аморальных влечений и привычек у осужденных, формирование нравственных ценностей». А таксам пра адмысловы праект крымінальна-выканаўчай інспекцыі, які «включает в себя практические мероприятия по привлечению лиц, имеющих судимость и не занятых трудом (учёбой), к общественно-полезному труду на территории родного района».

У межах гэтага праекта асобаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі, накіравалі ў вёску Падмішнеўе на добраўпарадкаванне брацкай магілы загінулых падчас мінулай вайны. «Працатэрапія», як вынікае з паведамлення ў афіцыйным Тэлеграм-канале, была не толькі бясплатна: яна праводзілася без інструктажу па тэхніцы бяспекі, без забеспячэння рабочым адзеннем, без аніякіх дакументаў пра тое, на якіх падставах працуюць гэтыя людзі. Калі ў падобным выпадку з работнікам нешта здарыцца, ніхто не панясе за гэта адказнасці.

Але РАУС гэта, падобна, не хвалюе. Важней даць справаздачу пра прафілактычнае мерапрыемства супраць рэцыдыўнай злачыннасці. Такая практыка назіраецца у многіх рэгіёнах Віцебшчыны. Прыкладам, нядаўна прыбіраць смецце ў яры накіроўвалі жыхароў Наваполацка, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

Дзяніс Ярошнікаў