Панядзелак, 14 Кастрычнік 2024

Віцебскі аблвыканкам прыняў новае рашэнне наконт аплаты летнікаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Рашэнне «О тарифах на услуги воспитательно-оздоровительных, спортивно-оздоровительных лагерей» размешчаных на тэрыторыі Віцебскай вобласці, было падпісаны Аляксандрам Субоціным 19 верасня і днямі апублікавана. Па сутнасці, асноўная адрозненне новай інструкцыі ад ранейшай, заключаецца ва ўвядзенні азначэння «летнік з дзённым знаходжаннем дзяцей» і, адпаведна, разліку тарыфаў на паслугі такіх летнікаў у залежнасці ад колькасці дзён знаходжання. Юрыст звяртае ўвагу на яшчэ адну важную акалічнасць.

Паводле новага рашэння, тарыфы для дзіцячых лагераў для грамадзян Беларусі па-ранейшаму будуць разлічвацца на аснове планавых затрат (сабекошту) на аказанне паслуг лагераў, падаткаў і іншых абавязковых плацяжоў, устаноўленых заканадаўствам, без уключэння прыбытку. Тады як тарыфы для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца або якія часова пражываюць у Беларусі, будуць уключаць планавы прыбытак з улікам кан'юнктуры рынку, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі і міжнароднымі дагаворамі. Але гэтая норма была ўведзена яшчэ ў красавіку 2022 года.

Юрыст звяртае ўвагу на тое, што мясцовыя органы ўлады дзейнічаюць у інтарэсах дзяржаўных установаў, а прыватныя прадпрымальнікі не надзелены правам арганізоўваць дзіцячыя летнікі.

Праблема забароны прыватным прадпрымальнікам арганізоўваць дзіцячыя аздараўленчыя летнікі ўяўляе прававую складанасць. Згодна з пунктам 3 артыкула 13 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, бацькі маюць права выбіраць адукацыйныя ўстановы для сваіх дзяцей, у тым ліку прыватныя, і забяспечваць выхаванне сваіх дзяцей у адпаведнасці з асабістымі перакананнямі. Абмежаванне права на арганізацыю прыватных лагераў можна разглядаць як парушэнне гэтай нормы, паколькі яно перашкаджае рэалізацыі правоў бацькоў на свабодны выбар формаў адукацыі і выхавання.

Дзяржава можа ўсталёўваць мінімальныя патрабаванні для адукацыйных устаноў, уключаючы лагеры, аднак поўная забарона прыватных ініцыятыў у гэтай сферы не толькі абмяжоўвае свабоду прадпрымальніцтва, але і правы бацькоў, лічыць юрыст.

Асноўны аргумент уладаў, звязаны з бяспекай і недастатковым выхаваннем "патрыятычных якасцяў" у прыватных лагерах, выклікае пытанні, паколькі прыватныя адукацыйныя ініцыятывы могуць эфектыўна адпавядаць стандартам бяспекі пры належным кантролі.

Што да «выхавання патрыятызму», то гэтым арганізатары адпачынку нават часам злоўжываюць, ператвараючы жыццё дзяцей у летніку у заідэалагізаваную праграму дзеянняў. Гэтага ўлады нават не хаваюць. Прыклад – абмеркаванне летняй аздараўленчай кампаніі 2024г., падчас якога старшыня абласнога савета дэпутатаў падкрэсліў: «дети отдохнули в лагерях успешно, без происшествий, в безопасных и комфортных условиях. Более того, важной составляющей стал их содержательный досуг, мероприятия и акции, направленные на ознакомление юных граждан Беларуси с историей и культурой своей страны, формирование четкой патриотической позиции». У абмеркаванні дзіцячага адпачынку на Віцебшчыне ўзяў удзел і параалімпіец, адзін з арганізатараў вывазу украінскіх дзяцей у Беларусь Аляксей Талай. Змены ў летніках, на якія трапляюць украінскія дзеці і падлеткі, запоўнены мілітарызаванымі імпрэзамі і выхаваўчымі гутаркамі, падчас якіх ухваляецца напад Расіі на Украіну.

Бацькі беларускіх дзяцей таксама не могуць уплаваць на змест выхаваўчай працы ў летніках.

Такім чынам, устанаўленне манаполіі дзяржавы на арганізацыю летняга адпачынку дзяцей і забарону прыватным прадпрымальнікам удзельнічаць у гэтым працэсе можа парушаць міжнародныя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь, асабліва ў частцы свабоды выбару адукацыйных і выхаваўчых устаноў бацькамі.

Віктар Яшын