Нядзеля, 13 Кастрычнік 2024

У Віцебску пачалі ўзвядзенне флагштока – аб'екта, які крытыкуюць нараджане, найперш за марнаванне бюджэтных сродкаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Канструкцыю вышынёй 69 метраў ужо пачалі збіраць, а ў трэцяй дэкадзе кастрычніка яго ўсталююць на двухметровы пастамент. Пазней пачнецца афармленне «Плошчы герба і сцяга» - новага аб'екта гарадской інфраструктуры, пра кошт якога фіцяблянам так нічога не паведамляюць. А ён далёка не малы.

«Флагшток будзе размешчаны ў цэнтры пляцоўкі квадратнай формы плошчай 2,5 тысячы квадратных метраў. З улікам зялёнай зоны і пешаходных дарожак агульная тэрыторыя аб'екта будзе яшчэ большай. Пры афармленні плошчы выкарыстоўваецца граніт трох радовішчаў: Дзімаўскага і Краснагорскага ў Ленінградскай вобласці і з Узбекістана. Усяго трэба будзе абкласці каля 3,8 тысячы квадратных метраў тэрмаапрацаванай гранітнай брукаванкай. Таксама будзе ўсталявана звыш 770 пагонных метраў гранітнага бардзюра, і яшчэ 560 пагонных метраў бардзюра і 1,3 тысячы квадратных метраў пліткі з цэментабетону», - паведамляе газета «Віцьбічы».

Паводле выдання, ужо зроблены падмуркі пад святладыёдныя экраны. Яны размесцяцца з двух бакоў ад флагштока. Абсталяванне будзе пастаўлена ў лістападзе разам з магутнай акустычнай сістэмай. Таксама плануецца ўстанавіць інтэрактыўную панэль каля цэнтральнага ўваходу на плошчу.

Ідэю пра неабходнасць мець у горадзе флагшток для дзяржаўнага сцяга Віцебскі гарвыканкам агучыў у снежні мінулага года. Спярша яна палягала ў тым, каб усталяваць канструкцыю ў гістарычным цэнтры горада, на Плошчы тысячагоддзя. У шмат каго з жыхароў такі падыход выклікаў рэзкае непрыманне. Сёлета для флагштока абралі іншае месца – Парк тысячагоддзя Віцебска каля Лядовага палаца.

З праектных матэрыялаў, прадстаўленых на грамадскае абмеркаванне, вынікае, што распрацаваны даволі маштабны і далёка не танны праект, які ўключае не толькі флагшток. На ўчастку 0,57 га плануецца размясціць гранітную кампазіцыю з надпісам «Плошча флага і герба» і выявай самога герба РБ, два светладыёдныя экраны і інтэрактыўную панэль, а таксама пераносныя кветнікі, лаўкі з, сістэмы асвятлення і відэаназірання.

Функцыянальнае прызначэнне новай плошчы жыхарам Віцебску не тлумачаць, але аргументацыя яе неабходнасці наступная: узняты на флагштоку сцяг «станет символом признания в любви и преданности Беларуси, гордости за свою страну, будет скреплять национальное согласие и патриотический дух белорусского народа».

Колькі будзе каштаваць увасабленне гэтай ідэі, не паведамлялася ні разу – ні на этапе абмеркавання праекта, ні ў публікацыях дзяржаўнай прэсы.

Валянцін Конкін