Нядзеля, 13 Кастрычнік 2024

На цяплічным камбінаце «Рудакова» бракуе гароднінаводаў. Каб ліквідаваць праблему, перакваліфікавалі групу навучэнцаў каледжа

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Віцебскім аграрна-тэхнічным каледжы сёлета сфармавалі адмысловую групу, дзе навучэнцаў будуць рыхтаваць адразу па трох спецыяльнасцях: «гароднінавод», «кантралёр-касір» і «вытворца паўфабрыкатаў з мяса птушкі». Апошнія дзве спецыяльнасці ў навучальнай установе – не навіна, а вось навучанне на гароднінаводаў арганізвалі адмыслова дзеля патрэбаў цяплічнага камбіната камунальнага сельскагаспадарчага унітарнага прадпрыемства «Рудакова».

Сёлета набрана адна група з 30 чалавек, дзе запатрабаваныя ў рэгіёне прафесіі кантралёра- касіра або работніка птушкафабрыкі будуць спалучаць з навучаннем кадраў для сельскай гаспадаркі. Юнакам і дзўчатам трэба будзе асвоіць і спецыяльныя веды - асновы аграноміі, агародніцтва, а таксама сродкі механізацыі, бо работа ў цяпліцах прадугледжвае не толькі ручную працу, але і прымяненне машынных тэхналогій.

Складана прадказаць, ці пойдуць выпускнікі з кваліфікацыяй ажно па трох спецыяльнасцях менавіта ў гароднінаводы. Але пакуль ва ўмовах кадравага дэфіцыту для навучэнцаў арганізована працоўная практыка на базе цяплічнага камбіната КСХУП "Рудакова". У верасні яны працавалі на ўборцы сталовых буракоў і морквы, далей запланавана праца ў цяпліцах.

Да слова, цярлічны камбінат, які ўжо адчувае недахоп кадраў, плануе расшыраць свае працоўныя плошчы – на пяці гектарах запланавана ўзвядзенне новых цяпліц. Гэта аўтаматычна пацягне за сабой неабходнасць у новых кадрах – толькі адных гароднінаводаў спатрэбіцца яшчэ каля 50 чалавек. І не выключана, што спецыяльнасць «гароднінаводства» цярер дададуць і ў курс навучання повараў або кандытараў, трактарыстаў або аўтамеханікаў.

Ангеліна Цемнікава