«Одной из наиболее действенных форм профилактики рецидивной преступности является привлечение к общественно-полезному труду лиц, которые были осуждены за уголовно наказуемые деяния», - сцвярджае гарадская газета «Новополоцк сегодня». Спасылкі на аўтара гэтага выказвання і хоць якіх-кольвек статыстычных дадзеных, якія пацвярджаюць гэтую тэзу, дзяржСМІ не прыводзіць.
Тым не менш, у крымінальна-выканаўчай інспекцыі вырашылі, што найлепшай формай перавыхавання асобаў, якія парушаюць парадак адбыцця пакарання альбо дагэтуль не знайшлі працу, вызваліўшыся з месцаў пазбаўлення волі, будзе так званая «грамадска-карысная справа».
Тут вельмі важна, каб і міліцыянты, і «добраахвотныя» працаўнікі разумелі, якія наступствы можа мець падобная практыка, падкрэслівае юрыст. Ён звяртае ўвагу на неабходнасць такіх рэчаў, як інструктаж па тэхніцы бяспекі, і абавязковае дакументальнае пацвярджэнне, на якіх падставах людзі працуюць - ці быў складзены і падпісаны хаця б нейкі дакумент пра добраахвотную згоду на такую працу. Інакш, прыкладам, калі здарыцца нейкі няшчасны выпадак, страхавая кампанія не зможа расцаніць яго як вытворчую траўму. Дый увогуле не зразумела, хто бярэ на сябе адказнасць за людзей, якія нібыта выходзяць па загадзе КВІ на працу нібыта «добраахвотна».
Таксама юрыст падкрэслівае, што ад удзелу ў падобных «выхаваўчых мерапрыемствах» чалавек мае права адмовіцца. Можна напісаць заяву ў пракуратуру, каб там далі прававую ацэнку дзеянням арганізатараў такіх «працоўных дэсантаў» або звярнуцца ў інспекцыю працы. Але пытанне ў тым, ці наважыцца нехта на такі пратэст супраць прымусовай працы. Бо людзі, якія знаходзіцца на ўліку крымінальна-выканаўчай інспекцыі, трапляюць у прамую залежнасць ад супрацоўнікаў міліцыі. І любая спроба супраціву можа пацягнуць за сабой пагаршэнне ўласнай сітуацыі.
Віктар Яшын