Панядзелак, 30 Верасень 2024

Жыхары пасёлка льнозавода ў Лёзне рызыкуюць застацца без святла і вады

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Такая рызыка існуе штодня, бо электрасеткі ў пасёлку належыць прадпрыемству-банкруту. «Яны даўно ўжо ў аварыйным стане, пры ветры часта бывае замыканне, і мы застаемся без электрычнасці, -- скардзяцца жыхары вуліц Кірава, Партызанскай, Гагарына. -- У працоўныя дні на заводзе нехта яшчэ можа ліквідаваць замыканне. А ў выходныя дні – бяда». Бо работнікі раённых службаў «ведамаснымі» праблемамі не займаюцца.

Цэнтралізаванага водазабеспячэння ў гэтай частцы Лёзна няма таксама. У гаспадароў ёсць калодзежы, з якіх яны пампуюць ваду. Але як няма электрычнасці, то і ваду «здабыць» немагчыма. Мясцовыя жыхары звяртаюць увагу на тое, што і дарогі ў пасёлку льнозавода ў кепскім стане. Яны ўжо звярталіся са сваімі праблемамі да кіраўніцтва раёна, але безвынікова – на дапамогу ўладаў яны больш не спадзяюцца.

У маі 2023 года Віцебскі абласны эканамічны суд распачаў працэдуру банкруцтва ААТ «Лиозненский льнозавод», акцыі якога амаль што цалкам належаць дзяржаве. Няўстойлівае фінансавае становішча на прадпрыемстве ўтварылася яшчэ ў 2018 годзе. Выправіць яго не ўдалося.

Аліна Гарчакова