Нядзеля, 22 Верасень 2024

У Талачыне стварылі «медыцынскі клас». Ахвотных набралася толькі 11 чалавек

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

З дапамогай прафесійнай арыентацыі падчас навучання ў школе ў Беларусі спрабуюць ліквідаваць кадравы голад. Лекараў у Беларусі бракуе, асабліва ў рэгіёнах. Таму стварэнне «медыцынскіх класаў» стала трэндам: там хочуць выхаваць «заматываваных выпускнікоў». Праўда, цэлы клас ў Талачынскай школе №2 стварыць не атрымалася – выказалі жаданне бліжэй пазнаёміцца са спецыфікай працы медыкаў наважыліся толькі 11 чалавек.

У «медыцынскім класе», дакладней, у "профільнай групе"  плануецца на паглыбленым узроўні вывучаць хімію і біялогію – добрае іх веданне неабходна для паступлення ў профільныя ВНУ ці ўстановы сярэдняй адукацыі. Мяркуецца таксама, што школьнікі набудуць і практычныя навыкі падчас наведванняў Талачынскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Сёння гэтая медычная ўстанова пакутуе ад недахопу адмыслоўцаў : тут бракуе ўрачоў агульнай практыкі, анколага, неўролага і нефролага, педыятра, афтальмолага. На працу гатовы ўзяць медыцынскіх сясцёр і загадчыкаў ФАПамі. Аднак пакуль сённяшнія вучні 10-11 класаў набудуць адпаведную адукацыю, пройдзе вельмі шмат часу. На дадзены момант сітуацыя з недахопам медычных кадраў выглядае невырашальнай.

Сяргеў Гуркоў