Нядзеля, 22 Верасень 2024

У Віцебску будуць рамантаваць рэзідэнцыю старшыні аблвыканкама. За бюджэтны кошт

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскі абласны выканаўчы камітэт праводзіць закупку з адной крыніцы паслуг па рамонце будынка па адрасе вул. 1-я Даватара, 28. Гэта сучасны дом, пабудаваны ў 2013 годзе. У невялікім па плошчы будынку ёсць басейн, сауна, таксама за кошт дзяржаўнага бюджэту ён абсталяваны побытавай тэхнікай і дарагой мэбляй. Гісторыя стварэння ўласнай рэзідэнцыі для тагачаснага старшыні аблвыканкама Аляксандра Косінца (пазнейшага кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі) , заслугоўвае таго, каб пра яе нагадаць.


Пад «губернатарскую рэзідэнцыю» ў 2012 годзе забралі будынак XIX стагоддзя, выселіўшы за яго Музей прыватных калекцый. Калісьці гэты дом быў узведзены для кіраўніка пазямельна-сялянскім банкам, пасля вайны ў ім жылі першыя сакратары Віцебскага абкама партыі, а ў 1993 годзе тут размясціўся першы ў Беларусі музей прыватных калекцый са збору вядомага віцебскага калекцыянера Івана Галькевіча. Аднак Аляксандр Косінец вырашыў, што ў Віцебску мусіць быць рэзідэнцыя для старшыні аблвыканкама, якую назвалі «спецыяльным службовым домам». Будынак, дзе мясціўся музей, адрэстаўравалі, а побач узвялі двухпавярховы катэдж. Ён быў здадзены ў эксплуатацыю ў 2015 годзе, і з тае пары ўжо неаднаразова рамантаваўся – вядома, за кошт дзяржаўных сродкаў.

Рамонт у рэзідэнцыі адбываўся ў 2019 годзе і яшчэ больш грунтоўны чакаецца цяпер, пішуць «Народныя Навіны Віцебска». Паводле сайта дзяржзакупак, у доме збіраюцца перакласці чарапічны дах плошчай 120 квадратных метраў, адрамантаваць падлогу на балконах, абтынкаваць і пафарбаваць розныя памяшканні, а таксама замяніць у двары тратуарную плітку. Завяршыць рамонт павінны да канца кастрычніка, прыкладны кошт складае 79075 рублёў бюджэтных сродкаў.

Таццяна Зубкова