Гэтае пытанне актыўна абмяркоўваецца ў віцебскіх пабліках, і апаненты нярэдка даходзяць у сваіх спрэчках да лаянкі і абразаў. Яны займаюць дзве кардынальна супрацьлеглыя пазіцыі. Першая: купацца паўголымі у фантане насупраць дома з надпісам «Подвиг советского народа бессмертен!» недапушчальна, бо такім чынам зневажаецца памяць загінулых і нівеліруецца сама ідэя стварэння Плошчы Перамогі. Другая: нічога страшнага тут няма, няхай дзеці радуюцца жыццю, і перамозе, а таксама і дарослыя, якія пачалі выкарыстоўваць тэрыторыю вакол фантанаў у якасці пляжа. Ёсць яшчэ і трэці лагер, пазіцыя якога не ідэалагізаваная: людзі звяртаюць увагу на тое, што заставацца мокрымі доўгі час небяспечна для здароўя (вядома ж, памяшканняў для пераапранання на плошчы няма), што нібыта ў шпіталях ужо загаварылі пра павелічэнне колькасці дзяцей, хворых на пнеўманію. Нагадваюць, што вада ў фантанах не ачышчаная, а гэта можа несці небяспеку, і што частка Плошчы Перамогі займае частку старых могілак (і гэта праўда).
«Превратили площадь в зону аквапарка. Куда родители смотрят?! Есть для этого специальные места, куда катится мир!». «Я бы сказал, устроили общественный душ в центре города». «Вот представьте, если бы в 1973 году, когда Площадь зарождалась, кому бы нибудь пришло в голову погулять в купальнике там? Давайте уже без него сразу... Срамота, да и только!». «Как-то не вяжется этот фонтан с памятью погибшим. Почему в Минске на пл. Победы такое не устроили?» Гэта выказванні абураных гараджан.
Тыя, каго не турбуе «маральна - мемарыяльны аспект», выказваюцца не менш катэгарычна. «Такое количество возмущающихся, которые не знают, что такое сухие фонтаны, удивляет. Наши жители вообще никуда из города не выезжают, что ли?! Сухие фонтаны и сделаны для того, чтобы среди них можно было ходить взрослым, детям». «Людям нравится и это хорошо. Побольше бы таких мест, где народу хорошо».
Па горадзе ўжо пайшлі чуткі, што купацца ў гэтых фантанах будзе забаронена. Або што іх увогуле спыняць, і Плошча Перамогі зноў ператворыцца ў паўтара гектары забрукаванай каменнай пустэчы.
Чаму так атрымліваецца, што зробленае нібыта на радасць гараджанам мае супярэчлівы сэнс і змест? Пра гэта людзі выказваюцца таксама. Маўляў, улады зноў не параіліся з жыхарамі Віцебска і ўсё зрабілі па ўласным разуменні. Падобны фантан, прыкладам, можна было размясціць не на самой плошчы, а крыху ўбаку, на тэрыторыі каля скрыжавання з праспектам Чарняхоўскага. Там раней і быў фантан, які ўваходзіў у першапачатковую кампазіцыю Плошчы Перамогі. Адпаведна, захавалася і падземная вадаправодная сетка. Але цяпер «басейн» фантана засыпаны зямлёй і ператвораны ў клумбу. А на Плошчы Перамогі адны весела пялёскаюцца пад 5-метровымі струменямі, тады як другія адводзяць вочы і думаюць пра зневажанне памяці.
Марыя Ракіціна