Факт сур’ёзнага траўмаваньня “чорнага капальніка” меў месца і ў Талачынскім раёне. Пры спробе дастаць з тайніка боепрыпасы абвінавачаны выпадкова прывёў у дзеяньне адзін зь іх. Выбух прычыніў яму цялесныя пашкоджаньні. Расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да 55-гадовага жыхара Талачынскага раёну завершанае. Выяўлена, што мужчына працяглы час займаўся незаконным пошукам зброі і боепрыпасаў часоў ВАВ. Падчас ператрусаў дома ў абвінавачанага канфіскаваная вялікая колькасьць боепрыпасаў, прыблізна 2000 патронаў рознага калібру, часткі агнястрэльнай зброі, дэтанатары, гранаты, 12 кіляграмаў пораху.
Асаблівую трывогу ў сьледчых выклікаюць факты, калі ахвярамі незаконнай дзейнасьці “чорных капальнікаў” становяцца чальцы іх сем’яў і іншых грамадзян. Вясной мінулага году здарыўся выбух у кватэры жылога шматкватэрнага дому ў Віцебску. Падчас правядзеньня праверачных дзеяньняў выяўлена, што ўладальнік кватэры захапляецца раскопкамі “трафэяў” часоў ВАВ. У кватэры абвінавачанага былі знойдзеныя мэталашукальнік, мапы і гільзы. У дзень надзвычайнага здарэньня мужчына прынёс дамоў гранату, якая ў выніку разборкі падарвалася. “Чорны капальнік” і яго жонка атрымалі раненьні і былі шпіталізаваныя ва ўстанову аховы здароўя.
Таксама ёсьць выпадкі, калі асобы, якія незаконна захоўваюць боепрыпасы, уцягваюць у сваю дзейнасьць уласных дзяцей, тым самым ставячы іх пад сьмяротную небясьпеку. 11 сакавіка 2015 году ў Дубровенскім раёне ў выніку разборкі патрону часоў ВАВ падлетак пазбавіўся пальцаў рукі. Падчас ператрусу ў бацькоўскім доме былі знойдзеныя чатыры буйнакалібэрныя патроны часоў ВАВ, 54 гільзы, 50 куль, руля вінтоўкі, бляшанка з порахам масай 60 грамаў. Сьледчыя працягваюць высьвятляць акалічнасьці траўмаваньня непаўнагадовага.
Крыніца: БелаПАН