Нядзеля, 27 Сакавік 2016

Глыбоцкія камунальнікі цэлую гадзіну ехалі на ліквідацыю аварыі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Людміла Барэйка Людміла Барэйка

Хаця адлегласьць да месца аварыі ня больш за паўтара кілямэтру.

Як распавяла гаспадыня дома Людміла Барэйка, аварыя ў яе здарылася раніцай 19 сакавіка ў 7:25. Праз пашкоджаньне галоўнага крана ў яе стала заліваць вадой дом. Яна адразу патэлефанавала ў аварыйную службу Глыбоцкай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Паведамленьне там прынялі, але брыгада прыехала толькі праз гадзіну.

Увесь гэты час спадарыні Людміле прыходзілася змагацца з затапленьнем свайго дома, стоячы ў ледзяной вадзе. Вада з ваннай пайшла па калідоры, стала трапляць і ў саму кватэру. Жанчыне давялося выносіць мокрыя дываны і пакрыцьці.

Майстар ЖКГ патлумачыў, што яму спатрэбілася паўгадзіны на тое, каб сабраць брыгаду. Але атрымліваецца, што і пасьля гэтага яны яшчэ паўгадзіны ехалі да месца аварыі, якое знаходзіцца ў пяці хвілінах язды.

«А калі б так пажарнікі езьдзілі па выкліках, то ўсё б даўно згарэла, – кажа Людміла Барэйка, – Яны павінны былі за пятнаццаць хвілін прыехаць. У іх жа павінна быць адмысловая аварыйная брыгада».

Па камэнтар мы зьвярнуліся да Рыгора Кастусёва, былога кіраўніка Шклоўскай камунальнай гаспадаркі. Ён патлумачыў, што з 2016 году ў камунальных аварыйных службаў крыху зьмяніліся тэрміны выезду на месца аварыі: «Цяпер гэты час складае 30 хвілін. Але людзям, каб пазьбегнуць канфліктных сытуацыяў, варта ўважліва чытаць тыя дамовы, якія яны заключаюць з камунальнікамі, бо там могуць быць прапісаныя нейкія нюансы. Бо часта нашы людзі падпісваюць такія дакумэнты, не чытаючы іх».

Людміла Барэйка не зьбіраецца пакінуць гэту сытуацыю без рэагаваньня, яна зьбіраецца пісаць скаргу на дзеяньні (або бязьдзеяньні) камунальнікаў у вышэйшыя інстанцыі.