Маці зьняволенага Тараса Аватарава Людміла Посьпіх расказала, што мела размову з з намесьнікам начальніка па рэжыме ПК-3 Дзянісам Федчанкам ды іншымі службовымі асобамі.
“А хіба ён мусіць быць нежывым?”
“Першае пытаньне было: “Ці жывы мой сын?” На што яны са зьдзіўленьнем адказалі: “А хіба ён мусіць быць нежывым?” – расказвае маці зьняволенага.
“Мне паведамілі, што 12 сьнежня мой сын даў пісьмовыя тлумачэньні наконт інфармацыі з паштоўкі. Напісаў, што ня мае прэтэнзій і яму ніхто нічым не пагражае”, – кажа Людміла Посьпіх. Да зьместу пісьмовага тлумачэньня сына яна ставіцца зь недаверам.
Ёй таксама пацьвердзілі інфармацыю, што ад 20 кастрычніка да 1 лістапада Тарас Аватараў знаходзіўся ў штрафным ізалятары. Паводле адміністрацыі калёніі, 10 сутак ШІЗА ён атрымаў за знойдзены ў ягоным чаравіку недазволены прадмет – заточаны супінатар.
“Я добра разумею, што гэта не ягоны супінатар. Як відаць, была зробленая чарговая правакацыя. Бо мой сын не працуе і доступу да нейкіх такіх рэчаў ня мае. А цьвікі яму падкладаюць ужо ня першы раз”, – сьцьвярджае Людміла Посьпіх.
Колькі наагул сутак правёў яе сын у ШІЗА, маці дакладна ня ведае. Мае інфармацыю толькі пра тры выпадкі. Але кажа, што пасьля кожнай адсідкі ў ШІЗА Тарас некалькі месяцаў папраўляе здароўе, бо пакутуе на хранічны атапічны дэрматыт – ад холаду ды вільготнасьці хвароба абвастраецца.
“Тым ня менш, падчас сустрэчы мэдыкі пераконвалі мяне, што ў яго зараз чыстая скура і ўвогуле ўсё добра, у тым ліку са сном”, – распавяла маці Тараса Аватарава.
“І наогул, я ўдзячная дадзенай калёніі за тое, што яны з годнасьцю трымаюць гонар установы”, – дадае яна з іроніяй.
Шарычкаў: Пра зьмякчэньне рэжыму гаворкі няма
У той жа дзень, 14 сьнежня, Людміла Посьпіх трапіла на прыём да намесьніка начальніка ўпраўленьня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Віцебскай вобласьці і былога начальніка ПК “Віцьба-3” Сяргея Шарычкава.
“Ён быў добра падрыхтаваны да сустрэчы. Сказаў, што адсочвае публікацыі ў інтэрнэце і ўжо правёў праверку наконт пагрозаў і ціску на сына з боку адміністрацыі калёніі. Інфармацыя, маўляў, ня спраўдзілася, і ніхто яму не пагражае. Паведаміў, што сам размаўляў з Тарасам”, – расказала маці.
“Я таксама запытала, навошта майму сыну прымацавалі “экстрэмісцкую” палоску (адмысловая нашыўка на робе - ВВ). Шарычкаў адказаў, што ўсё згодна з прысудам. Гэта, маўляў, вырашае адміністрацыя калёніі”, – паведаміла Людміла Посьпіх.
Намесьнік начальніка УДВП па Віцебскай вобласьці адказаў і на пытаньне наконт магчымасьці зьмякчэньня рэжыму ўтрыманьня Тарасу Аватараву.
“Асноўная праблема ў тым, што ваш сын не прызнае сваёй віны. А значыцца, ні пра якое зьмякчэньне ня можа быць гаворкі. Ні ўмоўна-датэрміновага вызваленьня, ні зьмякчэньня. Вось калі прызнае віну, то будзе пра што гаварыць…” – перадае словы Сяргея Шарычкава маці зьняволенага.
Ахвяра апэрацыі спэцслужб?..
Жыхар Наваполацку Тарас Аватараў быў затрыманы ў лістападзе 2015 году на чыгуначным вакзале ў Менску. У мужчыны знайшлі самаробнае выбуховае прыстасаваньне на аснове асколкавай гранаты. Ён быў абвінавачаны ў незаконным абароце (ч. 2 арт. 295 КК) і кантрабандзе выбуховага рэчыва (ч. 2 арт. 228 КК). Віну прызнаў толькі па 295-му артыкуле. У траўні 2016 году быў асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня.
Тарас Аватараў падчас суду. Фота: nn.by
Адвакатка Аватарава неаднойчы абскарджвала гэты прысуд у Генэральнай пракуратуры, сьцьвярджаючы, што неабвержных доказаў аб факце перавозкі Аватаравым “асколкавай гранаты” праз мытную мяжу Беларусі не існуе. Да таго ж на судзе так і не было пацьверджана, што граната наогул утрымлівала выбуховае рэчыва. Але Генпракуратура падставаў для апратэставаньня судовага рашэньня не знайшла.
Маці Тараса Аватарава лічыць, што гранату сыну знарок падкінулі на мяжы, калі ён вяртаўся ў Беларусь з Украіны.
Паводле слоў Людмілы Посьпіх, якая пасьля прысуду сыну пачала ўласнае расьсьледаваньне, Тарас быў ва Ўкраіне ўсяго паўтара месяцы і ў ваенных дзеяньнях у складзе добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу АТА ўдзелу ня браў – знаходзіўся ў вучэбным атрадзе ў якасьці журналіста-фрылянсэра. А калі паехаў у Кіеў, каб здаць матэрыялы, быў затрыманы на вакзале людзьмі ў цывільным, а потым – накіраваны да мяжы Беларусі.
Пра вельмі падобныя выпадкі зьнікненьня байцоў з вучэбкі расказаў маці Аватарава былы камандзір таго самага атраду добраахвотнікаў.
“Я яго знайшла ў Кіеве, і ён сказаў, што быў вельмі зьдзіўлены, калі зьнік Тарас, бо ён быў вельмі дысцыплінаваны. А потым з атраду такім жа чынам былі, па сутнасьці, выкрадзеныя яшчэ каля 20 чалавек, якіх потым асудзілі ў Расеі…” – распавяла маці Тараса Аватарава.
Яна ўпэўненая, што Тарас стаў ахвярай заплянаванай акцыі расейскіх і беларускіх спэцслужб.
Зьміцер Міраш