Панядзелак, 31 Жнівень 2020

Чаму звольніўся намесьнік начальніка віцебскага ІЧУ Сяргей Каўрыга

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Сяргей Каўрыга Сяргей Каўрыга

8 жніўня маёр міліцыі Сяргей Каўрыга разьмясьціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку фотаздымак міліцэйскага пасьведчаньня з камэнтаром: «Служить бы рад, прислуживаться тошно. Честь имею!» Празь некалькі дзён ён вырашыў распавесьці журналістам пра прычыны свайго звальненьня, піша Беларускае Радыё Рацыя

Былы міліцыянт патлумачыў, што спачатку са зьдзіўленьнем, а потым з абурэньнем сачыў за падзеямі ў Менску, калі сілавікі гвалтам затрымлівалі і зьбівалі грамадзян. А апошняй кропляй стала сустрэча ў віцебскім ІЧУ са сваім колішнім камандзірам - палкоўнікам у адстаўцы Сяргеем Міхасёвым – прыхільнікам Віктара Бабарыкі, затрыманым за ўдзел у несанкцыянаваных пратэстах.

"Паважаны чалавек, юрыст. І калі я бачу яго ў ІЧУ, у мяне пачуццё, як кажуць, кагнітыўнага дысанансу. Мы, юрысты, ахоўнікі правапарадку, павінны кіравацца нормамі права і выконваць іх. Таму цяпер вельмі цяжка глядзець на тое, што адбываецца ў Менску, дый у Віцебску… Мне да сканчэньня кантракту засталося 5 месяцаў, але больш служыць я ўжо не магу", - кажа Сяргей Каўрыга.

Былы намесьнік начальніка віцебскага ІЧУ тлумачыць, што сышоў са службы сьвядома: проста перастаў выходзіць на працу, папярэдзіўшы пра гэта кіраўніцтва ІЧУ. Таму афіцыйная прычына звальнення – прагулы . Яму давядзецца вярнуць грошы, якія ён атрымаў па заключэнні кантракту, на сённяшні дзень гэта больш за 4 тысячы рублёў.