Паводле сьледзтва, чацьвёра абвінавачаных пры дапамозе створанай імі вясной 2019 году старонкі ў інтэрнэт-краме распаўсюджвалі наркотыкі на тэрыторыі Віцебску і Наваполацку. Забароненыя рэчывы для продажу маладыя людзі набывалі ў інтэрнэт-крамах Расейскай Фэдэрацыі. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што такім чынам яны набылі і перавезьлі празь мяжу больш за 132 грамаў гашышу і 2,2 грама амфэтаміну.
Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, маладзёны сумесна куплялі наркотыкі, дзялілі між сабой, потым кожны зь іх расфасоўваў і раскладваў у схованкі сваю частку. Інфармацыю пра месцы схованак выкладалі на старонцы інтэрнэт-крамы.
“Сьледчымі дапытаныя абвінавачаныя і сьведкі, праведзеныя вочныя стаўкі, агледжаныя прадметы, прызнаныя рэчавымі доказамі, праведзены шэраг экспэртных дасьледаваньняў, агледжаныя і прааналізаваныя зьвесткі аб тэлефонных злучэньнях абвінавачаных”, – паведамляе УСК па Віцебскай вобласьці.
Траім хлопцам прад’явілі абвінавачаньне паводле ч.2 арт. 328-1 (незаконнае перамяшчэньне праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў і асабліва небясьпечных псыхатропных рэчываў, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове) і ч.3 арт.328 (незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў і псыхатропных рэчываў) КК РБ. Чацьвертага маладзёна абвінавацілі толькі па ч.3 арт.328 КК.
Усе чатыры абвінавачаныя – раней ня суджаныя. На дадзены момант яны знаходзяцца пад вартай.
Крымінальная справа накіраваная ў пракуратуру для накіраваньня ў суд.