Да гэтага Тамашэвіча абвінавацілі паводле часткі 3 артыкулу 209 КК (махлярства, зьдзейсьненае ў асабліва буйным памеры). Зафіксаваныя 384 факты злачыннай дзейнасьці махляра– «дабрачынцы» і 175 пацярпелых. Сума шкоды – 250 мільёнаў недамінаваных рублёў. Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай, пры гэтым у СК адзначаюць, што ў момант прад'яўленьня абвінавачаньня падазраваны паводзіў сябе «нахабна і па-хамску». Яго справу перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.
Абставіны, якія прымусілі сьледзтва вылучыць яшчэ адну справу, наступныя: «Сабраныя матэрыялы па гэтай справе тычыліся плацяжоў, якія паступалі па звычайнай пошце. Сьледчыя вылучылі з гэтай справы яшчэ адзін матэрыял. На днях у дачыненьні да Дзяніса Тамашэвіча была распачатая яшчэ адна крымінальная справа паводле часткі 3 артыкулу 209 КК. Яму інкрымінуецца эпізоды, зьвязаныя з атрыманьнем грашовых сродкаў з дапамогай электронных плацяжоў. Віцебскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту распачаў расьсьледаваньне гэтай крымінальнай справы», – распавяла Юлія Ганчарова.
Нагадаем, у 2012 годзе абвінавачаны стварыў некалькі сайтаў, з дапамогай якіх пачаў збор сродкаў на нібы дзіцячую дабрачыннасьць. З той жа мэтай ён пачаў рассылаць і электронныя лісты, падпісаныя выдуманымі жаночымі імёнамі. Атрыманыя грошы Тамашэвіч траціў па ўласным меркаваньні.