Нагадаем, сябра партыі БНФ Аляксей Гудзілін быў зьбіты 14 сьнежня 2012 году. На яго напалі двое невядомых мужчын магутнага целаскладу, якія вонкава і паводзінамі нагадвалі супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў. Адзін зь іх мімаходзь паказаў нейкі дакумэнт, падобны да пасьведчаньня праваахоўніка. Невядомыя сілай узялі актывіста пад рукі, падвялі да машыны, прымусілі сесьці ў салён, а самі разьмясьціліся па абодва бакі ад яго. У машыне таксама знаходзіўся кіроўца.
На пытаньні хлопца, што адбываецца, быў адказ: «Не хадзі ў БНФ і не займайся тымі рэчамі, што цябе ня тычацца, а то лезеш і ў тэлевізар, і ў газэты…» Пасьля гэтага той, хто сядзеў праваруч, двойчы ўдарыў актывіста кулаком у твар. З носа пацякла кроў. Зьбітага маладога чалавека нападнікі выкінулі з машыны, а самі зьніклі ў невядомым напрамку. У той самы дзень «Хуткая дапамога» даставіла Аляксея Гудзіліна ў абласны шпіталь, дзе лекарамі быў выстаўлены дыягназ «Закрыты пералом костак носу».
Як адзначаецца ў пастанове пракурора, справы наконт злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 153 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае прычыненьне лёгкага цялеснага пашкоджаньня), зьяўляюцца справамі прыватнага абвінавачаньня і ўзбуджаюцца асобамі, што пацярпелі ад злачынства. Аднак пракурор мае права таксама ўзбуджаць такога кшталту справы, нават пры адсутнасьці заявы пацярпелага, калі дзеяньні вінаватай асобы закранаюць істотныя інтарэсы дзяржавы і грамадзтва, законныя інтарэсы грамадзян. Менавіта з гэтага свайго права і скарыстаўся пракурор Юры Раманоўскі. Крымінальная справа для далейшага расьсьледаваньня накіраваная ў Першамайскі райаддзел Віцебску Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь.