На пачатку творчай сустрэчы аўтар кнігі «Пакуль ляціць страла» прапанаваў прысутным паўдзельнічаць у своеасаблівай віктарыне паводле гэтай кнігі. Пераможцы атрымалі прызы. Не на ўсе пытаньні, зададзеныя пісьменьнікам, віцебскія аматары літаратуры змаглі даць адказы. Гэта таму, што ў Віцебску яшчэ мала хто прачытаў «Стралу», бо кніга толькі цяпер «даехала» да гораду над Дзьвіной, – зрабіў выснову пісьменьнік.
Уладзімер Арлоў прысьвяціў сваю сустрэчу з чытачамі 150-годзьдзю паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Ён перадаў у залю стос чыстых аркушаў: «Гэтыя аркушы – прыкладна такога самага памеру, якога былі кавалкі паперы, на якіх Каліноўскі пісаў Лісты з-пад шыбеніцы. Вы можаце напісаць на іх свае пытаньні мне, той самай мовай, якой пісаў Кастусь Каліноўскі».
Пытаньні да пісьменьніка былі самыя разнастайныя – наконт яго асабістага жыцьця, творчых плянаў, гісторыі, культуры. Адказы Ўладзімера Арлова ўражвалі слухачоў сваёй трапнасьцю і дасьціпнасьцю. Напрыканцы імпрэзы яе наведвальнікі пачулі некалькі вершаў са зборніка «Сьвецяцца вокны» ў аўтарскім чытаньні, а завяршылася сустрэча зь пісьменьнікам аўтограф-сэсіяй.
Крыніца: Дыялёг Online газэта