Віцебскі актывіст партыі “Белая Русь” і ўдзельнік “Камітэту Нацыянальнага выратаваньня” Сяргей Рыжоў паведаміў, што за яго дзейнасьць улады перасьледуюць яго маці, якая хварэе дыябетам і якой адмаўляюць у выдачы неабходных лекаў: “Яна хворая на цукровы дыябет, вымушаная была зьвярнуцца са скаргамі да кіраўніцтва паліклінікі, у гарадзкі і абласны аддзелы аховы здароўя, і ніхто гэтыя пытаньні не вырашае. Адмаўляюць у выпісцы прэпаратаў, якія ёй рэкамендаваныя для падтрымкі арганізму. Сытуацыя проста выпадае нават за рамкі дазволенага. Кожны раз, калі адбываецца нешта, што выклікае рэзананс у грамадзтве, ціск ладзіцца менавіта на чальцоў сям’і”.
Сам Сяргей Рыжоў атрымаў папярэджаньне пра ўзбуджэньне крымінальнай справы за ўдзел у леташніх недазволеных мерапрыемствах, у прыватнасьці ў “Славянскім маршы”. Супраць яго, бяспрацоўнага, якога нідзе не хочуць прыняць на працу, вядзецца справа адносна нявыплаты алімэнтаў. Паводле яго слоў, раней таксама яго роднай сястры “хуткая дапамога” адмовіла ў дапамозе, калі тая згубіла прытомнасьць.
Крыніца: Радыё Рацыя