Серада, 10 Красавік 2013

У Віцебску ладзяцца мерапрыемствы ў памяць вязьняў фашызму

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
У Віцебску ладзяцца мерапрыемствы ў памяць вязьняў фашызму Фота: “Наш дом”

Міжнародны дзень вызваленьня вязьняў фашысцкіх канцлягераў усталяваны з ініцыятывы ЮНЭСКО ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстаньні, якое 11 красавіка 1945 году паднялі вязьні Бухенвальду. Адна з самых трагічных старонак Другой сусьветнай вайны - непаўнагадовыя вязьні. Дзеці станавіліся закладнікамі, донарамі, біялягічнай сыравінай для злачынных экспэрымэнтаў… «Калі 20 гадоў таму была створаная абласная арганізацыя Беларускай грамадзкай асацыяцыі былых непаўналетніх вязьняў фашызму, на ўліку ў райвыканкамах іх было 25 тысяч, на пачатак 2013 году засталося 7400», - паведаміў нязьменны старшыня арганізацыі Хведар Ціханаў.

Таму асноўная яе задача - сацыяльная абарона сябраў. Наладжваюцца сувязі з раённымі тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўваньня. У міжнародным конкурсе праектаў па сацыяльнай абароне былых вязьняў фашызму, абвешчаным нямецкім фондам «Памяць, адказнасьць і будучыня», удзельнічае і праект арганізацыі. «Калі праект будзе ўхвалены, на сродкі, што выдзяляюцца Нямеччынай, зможам дапамагаць у набыцьці дапаможных мэдычных сродкаў, іншых патрэбах. Будзе магчымасьць падключыць да валянтэрскай працы 70 студэнтаў ВДУ імя П. Машэрава і Віцебскага мэдунівэрсытэту. Шукаем фундатараў і па вобласьці», - паведаміў Хведар Пятровіч.

А галоўным у грамадзкай дзейнасьці арганізацыі зьяўляецца патрыятычнае выхаваньне падрастаючага пакаленьня. Зь яе ініцыятывы штогод у Дзень вызваленьня вязьняў ладзіцца мітынг-рэквіем каля помніку пры канцы вул. Цітова, дзе падчас вайны знаходзіўся лягер пярэдняга краю нямецкай абароны («5-й полк»). Сябры арганізацыі выступаюць перад школьнікамі цягам усяго навучальнага году.

Крыніца: Народнае слова