Ігар Яўсееў, начальнік упраўленьня ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму: «Ня толькі ў абласным цэнтры, але і ў Полацку таксама будзе ўзмоцнены кантроль за грамадзкай бясьпекай. Зразумела, што многія прыежджыя падчас віцебскага фэстывалю захочуць убачыць Полацк — адну са сьвятынь праваслаўя… Парадак на дарогах будзе забясьпечвацца і новымі аўто, а таксама міліцыянтамі на скутарах. А вось жанчын-рэгуліроўшчыц на вуліцах фэстывальнага гораду сёлета ня будзе. Пры гэтым у якасьці экспэрыменту на некалькіх сьвятлафорах у Віцебску зьявіліся смайлікі — яны ўжо спадабаліся ўдзельнікам дарожнага руху…»
Як расказаў Ігар Яўсееў, па традыцыі, чакаецца прыезд на фэстываль Лукашэнкі, таму прымаюцца асаблівыя меры бясьпекі. Міліцыя ў гэтым пытаньні цесна супрацоўнічае з КДБ і прадстаўнікамі службы бясьпекі прэзыдэнта. Акрамя таго, напярэдадні пачатку фэстывалю дасьледаваныя склепы і дахі жылых дамоў, каб не дапусьціць магчымых тэрактаў, дывэрсіяў і фактаў хуліганства.
«Па добрай традыцыі», перад пачаткам фэстывалю бяздомныя праходзяць «плянавую ізаляцыю»: іх лечаць у шпіталях. Упраўленьне аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму выдзеліла ложкі ў мэдычных установах для гэтай катэгорыі грамадзян. Іх таксама паспрабуюць «адвучыць» ад ужываньня алькаголю.
У лячэбна-працоўныя прафілякторыі накіроўваюцца і дэбашыры, з-за якіх пакутуюць сваякі, суседзі. У віцебскім выцьвярэзьніку, разьлічаным на адначасовае абслугоўваньне 15 кліентаў, напярэдадні фэстывалю праведзены касмэтычны рамонт. Для паслуг «гасьцей» тут заўсёды чысты ложак і душавая. Фельчары аказваюць першую мэдычную дапамогу.
Дарэчы, як падкрэсьліў кіраўнік міліцыі Віцебшчыны, сёлета ў вобласьці на працу выцьвярэзьніка не паступіла ніводнай скаргі. Не сакрэт, што многія беларусы зь іншых рэгіёнаў, якія нават не купілі квіткі на фэстывальныя канцэрты, проста прыяжджаюць на дзянёк у Віцебск — на «базар». Сёлета, улічваючы наплыў прыежджых у мінулыя гады (а ў асноўным да Віцебску яны дабіраюцца па чыгунцы), будзе ў 2 разы павялічаная колькасьць супрацоўнікаў аховы грамадзкага парадку на транспарце.
На кантрольна-прапускных пунктах у Летні амфітэатар — галоўную сцэнічную пляцоўку «базару» — будуць усталяваныя новыя рамачныя дэтэктары павышанай адчувальнасьці. Апошнія ў якасьці фундатарскага падарунку былі перададзеныя міліцэйскаму ведамству прадстаўнікамі карпаратыўнага фэсту «Газпрому» — «Факел», які нядаўна праходзіў у Віцебску. Дык што падчас «базару» будзе ўсё спакойна, паабяцалі ва ўпраўленьні ўнутраных спраў.
Крыніца: «Наша Ніва»