У траўні ў мэдыях паведамлялася пра адпраўкі беларускіх дзяцей зь Віцебскай вобласьці на трэніроўкі да расейскіх нэанацыстаў, які маюць досьвед вайны на Данбасе. Тады Міністэрства ўнутраных спраў распачало праверку агучаных фактаў, адрэагаваў абвяржэньнем Сынод Беларускага Экзархату РПЦ. Але што ж у выніку сталася з тымі клюбамі?

Асобныя праваслаўныя сьвятары аказаліся ўцягнутыя ў сумнеўную актыўнасьць. Датычнай аказалася і віцебская арганізацыя беларускіх афганцаў «Братэрства».

Знаходзячыся ў непасрэднай геаграфічнай блізкасьці да Расеі, Віцебск ня можа ня быць уключаным у арбіту новай расейскай геапалітычнай канцэпцыі, якая называецца «Рускі сьвет».

У сямітыcячным гарадку на Віцебшчыне ёсьць беларускі аддзел «Начных ваўкоў», вайскова-патрыятычны клюб «Спарта», кіраўнік якога перадае вітаньні Гіві і Матаролу на Данбас, і спаборніцтвы па «Русскому жиму».

У Воршы распаўсюджваецца хрысьціянская газэта «Сокрытое сокровище», прычым, яе маскоўскі рэгіянальны выпуск. На галоўнай старонцы лістападаўскага выпуску зьмешчаны анонс на галоўны матэрыял нумару: «У еднасьці народу – росквіт Расеі”.