Падставай для скаргі сталі два артыкулы, апублікаваныя на сайце mogilev.by восеньню 2016 году, аўтарства жыхара Віцебску Анатоля Шлыкава, які выконвае абавязкі дзяка ў храме сьвятой роўнаапостальнай Алены.
Анатоль Шлыкаў абгрунтоўвае лягічнасьць пабудовы ў Віцебску Сафійскага сабору і выступае з рэзкім асуджэньнем віцебчукоў, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва храму і высяканьня дзеля гэтай мэты 200 дрэваў. У дачыненьні да пратэстоўцаў аўтар публікацыяў ужывае такія характарыстыкі, як беларускія радыкалы, “сьвядомыя” (у двукосьсі), нашчадкі катаў – паліцаяў, якія здрадзілі сваёй Айчыне. Артыкулы ўтрымліваюць і зьняважлівыя выказваньні пра беларускую мову і бел-чырвона-белы сьцяг.
“Лічу, што гэты матэрыял [адзін з артыкулаў Анатоля Шлыкава на магілёўскім партале – заўвага аўтара], – напісаў у скарзе Леанід Сьвецік, – зьмяшчае словы і выразы, якія накіраваныя на распальваньне міжнацыянальнай варожасьці паміж расейскім і беларускім народамі. Падазраю, што аўтар артыкулу зрабіў наўмысную спробу стварыць канфліктную сытуацыю паміж грамадзянамі Беларусі, імкнецца зьняважыць гонар і годнасьць беларусаў, абразіць носьбітаў беларускай мовы, якая зьяўляецца дзяржаўнай мовай, а таксама прызнаная роднай для пераважнай колькасьці жыхароў краіны”.
У сваім звароце Леанід Сьвецік адзначыў, што на сайце mogilev.by зьмяшчаецца і шмат іншых матэрыялаў з нэгатыўным і тэндэнцыйным асьвятленьнем сацыяльных, рэлігійных і палітычных працэсаў у Беларусі. Віцебскі праваабаронца папрасіў правесьці аналіз публікацыяў магілёўскага парталу і вынесьці папярэджаньне ўладальнікам і рэдактару сайту ў выпадку выяўленьня словаў і выразаў, якія накіраваныя на распальваньне міжнацыянальнай варожасьці, замахваюцца на мірнае суіснаваньне грамадзянаў розных нацыянальнасьцяў і веравызнаньняў у Рэспубліцы Беларусь.
Міністэрства інфармацыі накіравала матэрыялы, названыя ў звароце Леаніда Сьвеціка, у Рэспубліканскую экспэртную камісію па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасьці (адсутнасьці) у ёй прыкметаў праяваў экстрэмізму. Будзе праведзеная адпаведная экспэртыза, па выніках якой і вырашаць, ці ёсьць падставы для прыцягненьня да адказнасьці ўладальніка сайту mogilev.by у адпаведнасьці з законам Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 году “Аб сродках масавай інфармацыі”.
Кацярына Загорская