Субота, 14 Лістапад 2015

У цэнтры Віцебску прадаюцца кнігі лідэра «Наваросіі» Губарава

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У віцебскай прыватнай кнігарні «Сьветач» зьявілася ў продажы кніга «Факел Новороссии», аўтарам якой значыцца Павал Губараў, адзін зь лідэраў сэпаратыстаў Данбасу.

Кніга выдадзеная ў Санкт-Пецярбургу выдавецтвам «Питер». У віцебскай прыватнай кнігарні «Сьветач» яна каштуе 129 400 рублёў. Кніга выстаўленая на паліцы з гістарычнай літаратурай сучасных расейскіх аўтараў. Гандляркі адмаўляюцца паведаміць, колькі паасобнікаў выданьня ёсьць у кнігарні і з чыёй ініцыятывы выданьне трапіла ў продаж.

Гэтую кнігу, якую аўтар называе «сэнсацыйнай», на пачатку лістапада прэзэнтавалі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Раней, у кастрычніку, прэзэнтацыі прайшлі ў Данецку і Растове.

У назьве «Факел Новороссии», паводле Паўла Губарава, маецца на ўвазе «паходня барацьбы жыхароў Наваросіі за сваю сучаснасьць і будучыню».

У кнізе 400 старонак, на якіх, паводле слоў аўтара, апісваецца «барацьба няскоранага Данбасу з нацысцкімі акупантамі і фэномэн Рускай вясны», а таксама зьмяшчаюцца аўтарскія разважаньні пра пэрспэктывы дзяржаўнага ўтварэньня «Наваросіі» – «арганічнай часткі Расеі».

Крыніца: Радыё Свабода