Рабочым вагоннага ўчастку БЧ у Віцебску раяць рабіць заначкі на чорны дзень. «Я працую на Віцебскім вагонным участку ўжо пяць гадоў. За гэты час шмат што здаралася, але затрымкі па выплатах заработнай платы і авансу не было. На пачатку 2013 году нам пачалі штомесяц затрымліваць выплаты авансаў на пару дзён, а бліжэй да канца году пачалі затрымліваць і саму заработную плату, прычым сыстэматычна тлумачачы затрымкі тым, што набралі шмат крэдытаў і купілі новыя вагоны», - паведаміў супрацоўнік прадпрыемства.

ААТ «Полацак-Шкловалакно» наведаў Генэральны пракурор Рэспублікі Беларусь Аляксандар Канюк. Мэтай візыту былі сустрэча з працоўным калектывам прадпрыемства і правядзеньне прыёму грамадзян. Абвестка пра прыезд Аляксандра Ўладзімеравіча была вывешаная літаральна за суткі, і на прыём да яго запісалася ўсяго пяцёра завадчан з чатырох з паловай тысяч.

Дакумэнт «Аб віетнамскай працоўнай сіле» адміністрацыя Першамайскага раёну Віцебску рассылае кіраўнікам прадпрыемстваў. У гэтым дакумэнце паведамляецца наступнае: «Адміністрацыя Першамайскага раёну г. Віцебску інфармуе, што паводле ліста амбасады Рэспублікі Беларусь у Віетнаме існуе магчымасьць выкарыстаньня на тэрыторыі вобласьці віетнамскай працоўнай сілы (будаўнікі, швачкі, сельскагаспадарчыя рабочыя, сьлесары, мэханікі, зваршчыкі)».

Судзьдзя Кастрычніцкага раёну Віцебску Вікторыя Лешчанка забараніла прафсаюзнаму юрысту Валеру Місьнікаву і рэгіянальнаму прадстаўніку прафсаюзу РЭП Георгію Разумаву прадстаўляць у судзе інтарэсы сябра прафсаюзу Алены Шандзюковай. Юрыдычна непісьменная жанчына засталася сам-насам з судзьдзёй і трыма адвакатамі юрыдычнай кансультацыі № 2, супраць якой яна падала пазоў.

Пра гісторыю свайго звальненьня распавёў сябар партыі БНФ Аляксандар Ільінец, які працаваў майстрам у брыгадзе цэху ўласнай вытворчасьці ў краме №139 гандлёвай сеткі “Веста”, займаўся выпечкай хлеба-булачных і кандытарскіх вырабаў. Ён цьвердзіць, што нараканьняў на сваю працу з боку кіраўніцтва ня меў, але пасьля таго, як стала вядома пра ягоны ўдзел у кампаніі “Зробім лепш”, пачаліся праблемы. Паводле словаў актывіста, яму прапанавалі разьвітацца з працай - “па-добраму”, пасьля тэлефанаваньня дырэктарцы крамы.