Чацвер, 02 Чэрвень 2022

«Не захацеў даваць паказанні на іншых». Што вядома пра нафтанаўца, які засіліўся праз ціск сілавікоў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Жыхар Полацка і былы ўдзельнік забастоўкі Уладзімір Крысёнак 30 мая скончыў жыццё самагубствам. Перад гэтым яго затрымлівалі сілавікі: прымушалі даць паказанні і пагражалі вялікім тэрмінам у калоні. Пра трагедыю піша “Наша ніва”.

Уладзімір жыў у Полацку, працаваў на наваполацкім «Нафтане» аператарам устаноўкі дэпарафанізацыі. Да 2020 года палітычнай актыўнасці не праяўляў. Але ўвосень пасля выбараў далучыўся да стачкі, затым стаў актыўным удзельнікам незалежнага прафсаюза, нават быў на пасадзе старшыні.
Пасля сыходу з «Нафтана» нейкі час Крысёнак ездзіў на працу ў Расію. 

«Калі пачалася вайна, ён вярнуўся. Аказваецца, яго яшчэ тады на нейкі час затрымалі беларускія сілавікі, але пасля адпусцілі», — расказваюць людзі, знаёмыя з сітуацыяй. 

Магчымасць з’ехаць з Беларусі ў мужчыны была, кажуць суразмоўцы, але Уладзімір не хацеў. 

Апошнім часам ён жыў адзін, з жонкай развёўся.

«У яго маці вялікая гаспадарка на лецішчы за горадам, ён там дапамагаў.

Апошнім часам ён вельмі замкнуўся ў сабе. Цяжка перажываў тое, што адбываецца, былі ўпадніцкія настроі. Перажываў і пра тое, што дзеецца ў Беларусі, і што ва Украіне пачалася вайна,

— кажуць суразмоўцы «Нашай Нівы». — А 24 мая па яго прыйшлі сілавікі.

Чаму і дзе затрымалі Уладзіміра, дакладна не вядома. Але кажуць, што сілавікі на яго ціснулі: прымушалі даць на кагосьці паказанні. Калі адмовіцца, пагражалі, што сядзе на 12 гадоў. Але мужчына не хацеў паклёпнічаць».

У выніку Уладзімір выйшаў пад падпіску аб нявыездзе. У якім статусе (падазраванага, сведкі ці каго яшчэ), інфармацыі няма.

Праз дзень пасля выхаду ён павесіўся на матчыным лецішчы ў вёсцы Глінішча.

Уладзіміру Крысёнку быў 41 год. Без бацькі засталіся дзве дачкі, адна з іх непаўналетняя.