Свабодны прафсаюз у сваёй скарзе ад імя працаўнікоў прадпрыемства «Полацак-Шкловалакно» прасіў Дэпартамэнт дзяржінспэкцыі працы адмяніць распараджэньні «працадаўцы, якія перашкаджаюць вядзеньню паўнавартасных калектыўных перамоваў з усімі работнікамі прадпрыемства».
Гэта ўжо трэцяя такая скарга СПБ за апошні год. Папярэднія накіроўваліся ў інспэкцыі працы рознага ўзроўню. Полацкая і Віцебская інспэкцыі наогул пакінулі скаргі без разгляду, спаслаўшыся на адсутнасьць даверанасьці ад работнікаў на падпісаньне скаргі.
Дэпартамэнт дзяржаўнай інспэкцыі працы Міністэрства працы і сацабароны РБ накіраваў на завод запыты. Кіраўніцтва прадпрыемства паведаміла, што «ААТ «Полацак-Шкловалакно» прапаноўвала першаснай арганізацыі паказаць дакумэнты працоўных (даверанасьці, заявы працаўнікоў), чые інтарэсы яна плянуе прадстаўляць», але адпаведныя дакумэнты не атрымала.
Таму, паводле адказу з Дэпартамэнту ад 13 лютага, у «дзеяньнях службовых асобаў Полацкага міжраённага аддзелу, Віцебскага абласнога ўпраўленьня, ААТ «Полацак-Шкловалакно» парушэньняў ня ўгледжана».
Старшыня СПБ Мікалай Шарах кажа, што Полацкая, Віцебская і Менская інспэкцыі працы спаборнічаюць паміж сабой, хто ж прыдумае больш спрытную зачэпку, каб не дапускаць прадстаўніка Свабоднага прафсаюзу ў працэс калектыўных перамоваў.
Як вынікае з адказу, адміністрацыя завода па-ранейшаму хоча пабачыць сьпісы сябраў Свабоднага прафсаюзу. Між тым, працоўны, які напісаў у лістападзе 2019 году заяву ў бугальтэрыю заводу аб пералічэньні прафсаюзных складак у СПБ, быў звольнены цягам аднаго тыдня.
Такі спосаб звальненьня працаўнікі заводу выкарыстоўваюць у выпадку, калі дырэктар не дае работніку звольніцца, патрабуючы адпрацаваць да заканчэньня кантракту. Сяброўства ж працоўнага ў Свабодным прафсаюзе – важкі аргумэнт, каб дырэктар пагадзіўся на звальненьне па згодзе бакоў.
Аляксандр Марозаў