Адкрыў канфэрэнцыю намесьнік міністра эканомікі Дзьмітрый Ярашэвіч. Ён пераконваў прысутных у тым, што беларуская эканоміка хай і павольна, але разьвіваецца.
Экспэрт, дырэктар дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык даў кароткі аналіз стану беларускага бізнэсу, вызначыў асноўныя магчымасьці разьвіцьця, а таксама цяжкасьці і бар’еры, якія перашкаджаюць прадпрымальнікам пасьпяхова весьці справы.
Прадпрымальнікаў стала менш
Кандыдат эканамічных навук дацэнт Полацкага дзяржунівэрсітэту Марына Слонімская пазнаёміла з дасьледаваньнем стану малога і сярэдняга бізнэсу Віцебшчыны.
Згодна з навуковым аналізам, тэмпы прыросту колькасьці малых і сярэдніх прадпрыемстваў у нашай вобласьці маюць тэндэнцыю да скарачэньня. За пяць гадоў (2013-2018) іпэшнікаў паменела на 16%, мікраарганізацый – на 3%, сярэдніх арганізацый – на 28%. Прырост за гэты пэрыяд паказалі толькі малыя прадпрыемствы – на 4%.
Падчас дыскусіі, зьлева направа - Яраслаў Раманчук, Дзмітрый Ярашэвіч, Натальля Берчанка, Марына Слонімская, Анжаліка Нікіціна, Андрэй Сідараў
У дыскусіі бралі ўдзел эканаміст, кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса і аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Яраслаў Раманчук, кандыдат эканамічных навук Андрэй Мішын, старшыня камітэту эканомікі Віцебскага аблвыканкаму Анжаліка Нікіціна, дырэктар прыватнай машынабудаўнічай кампаніі “Віцебскія пад'ёмнікі” Андрэй Сідараў, намесьніца дырэктара па навуковай рабоце НДЭІ Мінэканомікі Натальля Берчанка.
Калі падводзіць пад дыскусіяй рысу, то можна сказаць, што і рэспубліканскія, і мясцовыя ўлады, навукоўцы і прадпрымальнікі разумеюць, што неабходна садзейнiчаць у разьвiцьці прыватнага прадпрымальніцтва. Для гэтага трэба. У прыватнасьці, ліквідаваць існыя арганізацыйныя і заканадаўчыя бар’еры ў падатковай і крэдытнай сфэрах эканомікі.
Палітычныя партыі форум праігнаравалі
Ўдзельнік канфэрэнцыі кіраўнік ПТ “Дыялёг” Леанід Сьвецік станоўча выказаўся аб тэматыцы і арганізацыі форуму. Але адзначыў, што на канфэрэнцыі быў слаба прадстаўлены малы і сярэдні бізнэс.
“Мяне таксама зьдзівіла тое, што KEF-2019 праігнаравалі мясцовыя палітычныя партыі і патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты парлямэнту. Гэта сьведчыць аб інфантылізме і паказным палітыканстве цяперашніх прэтэндэнтаў на мандаты дэпутатаў”, – да такой высновы прыйшоў Леанід Сьвецік.
KEF быў створаны Дасьлечым цэнтрам ІПМ у супрацоўніцтве з Беларускім эканамічным дасьледча-адукацыйным цэнтрам BEROC і цэнтрам сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў CASE Belarus пры фінансавай падтрымцы Эўразьвязу.
Лявон Яфрэменка