“Дармаедзкі” дэкрэт парушае Канстытуцыю
Дэкрэт №1 “Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва” ад 25 студзеня 2018 году прадугледжвае для “не занятых у эканоміцы” аплату некаторых камунальных паслугаў па поўным тарыфе. Дэкрэтная норма закране каля 500 тысяч беларусаў.
Фармальна дэкрэт выдадзены для таго, каб усе маглі ўдзельнічаць у фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў, але ці гэта сапраўдная прычына? Міхаіл Пастухоў лічыць, што навідавоку эканамічная прычына: з заробку кожнага працоўнага дзяржава мяркуе забраць падаходны падатак (13%).
“Парушаючы канстытуцыйныя правы, грамадзянаў змушаюць працаваць, забіраюць частку заробленага ў выглядзе падатку. Але самае галоўнае: ім не плацяць столькі, колькі яны зарабляюць. Нашыя заробкі ня мусяць адрозьнівацца ад заробкаў працаўнікоў у краінах Заходняй Эўропы. Людзі ня мусяць працаваць за бесцань”, – мяркуе Міхаіл Пастухоў.
Падчас сустрэчы ў "Эўрапейскім клюбе"
“Ёсьць і іншыя мэты дэкрэту: змусіць усіх працаваць за міску баланды, трымаць пад кантролем ды даць магчымасьць хоць неяк утрымліваць свае сем’і”, – дадае.
Разам з тым юрыст нагадвае, што арт. 56 Канстытуцыі абавязвае грамадзян плаціць толькі тыя падаткі, якія прадугледжаныя Законам, а не дэкрэтамі. І калі яны рабаўніцкія і несправядлівыя – мусяць быць адмененыя.
“Фактычна гэтым дэкрэтам усіх людзей змушаюць да працы, але, паводле Канстытуцыі, у нас ёсьць толькі права на працу і няма такога абавязку – працаваць. Прымусовая праца забароненая”, – нагадвае Міхаіл Пастухоў.
“Дармаеды”, бязь іх згоды, былі перапісаныя з усіх існых крыніцаў інфармацыі. Гэта ёсьць уварваньнем у сфэру асабістых правоў грамадзянаў і таксама парушае Канстытуцыю.
Міхаіл Пастухоў
Але самае істотнае парушэньне правоў і базавых канстытуцыйных прынцыпаў, на погляд экспэрта, палягае ў тым, што размова ідзе пра прымушэньне да працы без уліку кваліфікацыі і ўзроўню заробку. Улада забылася на тое, што “чалавек ёсьць найвышэйшай каштоўнасьцю грамадзтва і дзяржавы”.
Што рабіць, калі вас дадалі ў базу дадзеных?
Камісіі па працы з “дармаедамі” ўтвораныя пры ўсіх райвыканкамах, але, як лічыць Міхаіл Пастухоў, праз год-два ў базе дадзеных нікога не застанецца. Справа ў тым, што камісіі вельмі зацікаўленыя, каб як мага хутчэй выключыць вас з гэтага сьпісу, і прапануюць адразу некалькі варыянтаў.
Наяўнасьць зямельнага ўчастку, навучаньне пасьля 18 гадоў, рамесьніцтва, сяброўства ў творчым саюзе і г.д. – усё гэта дапаможа пазьбегнуць “дармаедзтва”.
Таксама можна давесьці, што ў вас складаная жыцьцёвая сытуацыя, але гэта мусяць быць такія абставіны, якія грамадзянін ня можа пераадолець за кошт уласных магчымасьцяў. Доўгатэрміновая хвароба таксама ёсьць падставай для адмены аплаты камунальных паслугаў па падвышаных тарыфах.
Дэкрэт №1 мусіць быць адменены
Былы сьледчы пракуратуры, старшыня ГА “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак разгледзеў канкрэтныя выпадкі юрыдычнай дапамогі тым, хто намагаецца выключыць сябе з базы дадзеных “не занятых у эканоміцы”.
Алег Волчак лічыць, што гэты неправавы і немэтазгодны дэкрэт, скіраваны на выяўленьне ў фізычных асобаў прыбыткаў, схаваных ад падаткаабкладаньня. То бок на тых грамадзянаў, якія выехалі за межы краіны і маюць добрыя заробкі. Але пакуль ты грамадзянін РБ, ты мусіш даць справаздачу і заплаціць падаткі.
Выступае Алег Волчак
Аднак тут ня ўсё так проста. Дагэтуль не апублікаваны сьпіс тых дакумэнтаў, якія беларусы, што працуюць у іншай краіне, павінны сабраць і падаць у камісію, каб іх выключылі з “дармаедзкай” базы.
Як мяркуе праваабаронца, згодна з законам аб дэкляраваньні даходаў фізычных асобаў, гэтая катэгорыя грамадзянаў мусіць будзе заплаціць падаходны падатак за ўвесь пэрыяд іх працы за мяжой.
Алег Волчак дае такія парады:
- распачаць ліставаньне з райвыканкамам і даведацца, хто і чаму дадаў вас у базу дармаедаў;
- абскардзіць гэтае рашэньне праз суд;
- стаць на ўлік у цэнтры занятасьці;
- адмовіцца ад працы з заробкам, ніжэйшым за сярэдні па краіне…
Дэкрэт №1 парушае Канстытуцыю, правы грамадзянаў і мусіць быць адменены – да такіх высноваў прыйшлі экспэрты. Прычына дэкрэту – у сквапнасьці ўлады. Ніякай неабходнасьці ў дэкрэце не было ад самага пачатку. Юрысты раяць грамадзянам быць больш актыўнымі і адстойваць свае правы.
С.Горкі, фота аўтара