Нядзеля, 25 Лістапад 2018

У Віцебску зноў галадае прадпрымальнік Анар Іваноў – патрабуе адмены дзяржрэгістрацыі памяшканьня

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Анар Іваноў абвясьціў галадоўку Анар Іваноў абвясьціў галадоўку

Віцебскі прадпрымальнік і ўладальнік цырульні “Ірыс” Анар Іваноў апавясьціў 19 лістапада гарадзкія ўлады аб пачатку галадоўкі. Ён хоча дамагчыся адмены дзяржрэгістрацыі памяшканьня, якое арандуе для свайго бізнэсу цягам апошніх 20 гадоў. Іваноў мяркуе, што рэгістрацыя, якая адбылася ў 2011 годзе, была незаконнай і прайшла з выкарыстаньнем карупцыйных схем.

Уласьнікам памяшканьня на Маскоўскім праспэкце, 66 зьяўляецца Віцебскі гарвыканкам. У траўні 2018 году Анар Іваноў, які арандуе памяшканьне пад цырульню, ужо праводзіў галадоўку (9 дзён) – хацеў дамагчыся, каб уласьнік замяніў вялікія вокны, якія разьбіліся ад ветру і ледзь ня сталі прычынай трагедыі. Пратэст выніку ня меў – шыбіна плошчай 20 кв. м дагэтуль знаходзіцца ў небясьпечным стане.

“Гарант” мусіў быў прыватызаваць памяшканьне

“Тады я вырашыў даведацца, як гэтае памяшканьне дасталася ўласьніку. І аказалася, што ўсё вельмі цікава. Раней, яшчэ ад часоў СССР, тут знаходзіўся ААТ “Гарант”. Маюцца пацьвярджальныя дакумэнты і тэхпашпарт, выдадзены ў 1976 годзе. Нерухомасьць была перададзеная прадпрыемству, сьледам за чым яны мусілі гэтае памяшканьне прыватызаваць. І гэта было б цалкам лягічна – стаць уласьнікам, каб не плаціць арэнду”, – расказвае Анар Іваноў. 

Але прыватызацыі не адбылося, і ў 2011 годзе “Гарант” зноў перадаў маёмасьць гарвыканкаму. Прадпрымальнік мяркуе, што падчас перадачы чыніліся супрацьпраўныя дзеяньні і  зьдзяйсьняліся карупцыйныя схемы.

“Ці можна за так аддаць каму сваю ўласнасьць? Я лічу, што не. Гэта проста абсурд! Не паддаецца, шчыра кажучы, ніякай лёгіцы. І без карупцыі тут не абышлося”, – запэўнівае ўладальнік “Ірысу”.

Іваноў зьвяртаўся ў суд

У чэрвені 2018 году Іваноў зьвярнуўся ў суд Кастрычніцкага раёну Віцебску з пазовам аб прызнаньні несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасьці. У якасьці адказчыкаў у судзе павінны былі выступіць Віцебскае агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельнаму кадастру, прадпрыемства “Гарант” і Віцебскі гарвыканкам.

У заяве Іваноў апэляваў да  арт. 41 Закону аб барацьбе з карупцыяй (“Адмена рашэньняў, прынятых у выніку зьдзяйсьненьня правапарушэньняў, якія складаюць умовы для карупцыі, альбо карупцыйных правапарушэньняў), сьцьвярджаў, што пры рэгістрацыі былі парушаныя Закон аб прыватызацыі і антыманапольны закон.

Але суд з розных прычын (у тым ліку – нібыта з адсутнасьці доказаў) адмовіўся распачынаць справу. Пракуратура і аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю таксама даслалі адпіскі. 

А ўжо ў кастрычніку 2018-га супраць прадпрымальніка распачалі справаводзтва аб эканамічнай няздольнасьці (банкруцтве)…

“Гэта помста дзяржавы”

Анар Іваноў упэўнены, што гэта помста дзяржавы за ягоную барацьбу. Маўляў, каб не заява ў суд аб скасаваньні рэгістрацыі, каб ня спробы дакапацца да праўды – ягоныя запазычанасьці нікога б не цікавілі.

“Тым больш, у 2018 годзе я наогул ня маю перад дзяржавай даўгоў. Так, раней былі. Напрыклад, у 2015 годзе, – па выплатах у Фонд сацыяльнай абароны: у той год я не працаваў, зьмяняў від дзейнасьці, адчыніў цырульню. Запазычанасьць невялікая, і я паступова яе сплачваў праз судовых выканаўцаў. Я ж не адмаўляўся ад гэтых даўгоў…” – гаворыць прадпрымальнік.

Аднак некалькі дзён таму працаўнікоў цырульні папросту выгналі на вуліцу. 

“Лічу, што са мной абышліся вельмі жорстка і несправядліва. Бяз працы засталіся каля 10 чалавек. А што застаецца мне? Абвясьціць галадоўку і сядзець тут да канца! Буду змагацца да апошняга”, – запэўнівае Іваноў.

Гэта ўжо трэцяя па ліку галадоўка Анара Іванова за тры апошнія гады. Паводле прадпрымальніка, гэтымі пратэстамі ён хоча дамагчыся зьменаў у мэханізме перадачы права на ўласнасьць старых будынкаў людзям, якія ў якасьці арандатараў карыстаюцца імі ўжо доўгія гады. Іваноў сьцьвярджае, што гэтая праблема тычыцца вялізнай колькасьці прадпрымальнікаў у Беларусі. Зьмены ў заканадаўстве маглі б прынесьці вялікую карысьць і самой дзяржаве, мяркуе галадоўнік.

Зьміцер Міраш