Нядзеля, 20 Сакавік 2016

Круглы сірата – працаўнік «Віцебскдрэва»: Хочацца зваліць з такой краіны і не вяртацца сюды ніколі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Вячаслаў Карпенка Вячаслаў Карпенка

Імя работніка «Віцебскдрэва» Вячаслава Карпенкі стала вядомае на ўсю краіну пасьля разьмяшчэньня ў інтэрнэце відэароліка, у якім малады чалавек распавядае пра ўмовы працы на прадпрыемстве і немагчымасьць рэалізаваць сваё законнае права на атрыманьне сацыяльнага жытла.

Відэа, разьмешчанае на Youtube, прагледзелі больш за пяцьдзясят тысяч чалавек. Шчыры зварот круглага сіроты да грамадзкасьці выклікала водгук з боку многіх карыстальнікаў сацыяльных сетак, якія разьмясьцілі на сваіх старонках спасылку на відэа, перапосьцілі інфармацыю і выказалі падтрымку маладзёну, які адстойвае свае правы.

Пра тое, як паўплываў відэа-дэмарш на сытуацыю з атрыманьнем жытла, і як паставіліся да гэтага ўчынку навакольныя людзі, мы папрасілі расказаць самога Вячаслава.

Вячаслаў, відэа з вашым зваротам прагледзелі больш за пяцьдзесят тысяч чалавек. Як адрэагавалі на яго людзі, якія працуюць на прадпрыемстве побач з Вамі?

Паставіліся ў цэлым нармальна, хоць думкі падзяліліся. Хтосьці з калегаў кажа: «Маладзец». Хтосьці, наадварот, абвінавачвае ў тым, што дарма разгаварыўся. Некаторыя мяркуюць, што я схлусіў, а на прадпрыемстве усё нармальна. Але ж у рэальнасьці рэч ня ў тым, што нармальна ці не нармальна. Рэч у тым, што баяцца і таму папракаюць: «Навошта настукаў? Цяпер з-за цябе ўсе пакутаваць будзем». Тыя, хто не баіцца, кажуць: «Зьвяртайся. Чым зможам – дапаможам».

Скажы, а якая была рэакцыя з боку адміністрацыі «Віцебскдрэва»?

Адміністрацыя, па-мойму, ніяк не адрэагавала. Хоць, наколькі я ведаю, неяк так супала, што пасьля майго відэавыступу наляцелі праверкі і панавыпісвалі штрафаў: і кадэбэшнікі былі, і пажарнікі прыляталі. Знайшлі недакурак у неналежным месцы – штраф: пажаранебясьпечнае прадпрыемства – нельга.

Дарэчы, пасьля гэтага відэа пра мяне ўспомнілі ў прафсаюзе: аказваецца, ёсьць артыкул, згодна зь якім пасьля гадавой адпрацоўкі мне належала матэрыяльная дапамога ў памеры ня менш за дзесяць базавых велічынь. Дык што свой належны мінімум я ўсё ж атрымаў, хоць і са спазьненьнем.

Тады, мабыць, нешта зьмянілася з пэрспэктывамі на больш хуткае атрыманьне жытла?

Не. Чарга мая амаль не прасоўваецца: два гады таму я быў 137-ым, у гэтым годзе – 125-ы. Не разумею, як так можа быць: за два гады прасунуўся на дванаццаць пазыцыяў. Поўнае несусьвецьце, лухта нейкая атрымліваецца! Палічыце зараз, праз колькі гадоў я атрымаю жытло. Ці дажыву я да гэтага моманту наогул!?

З 1 сакавіка 2015 году пачаў дзейнічаць указ №460, паводле якога сіроты маюць права на атрыманьне пазачарговага крэдыту на будаўніцтва жытла пад адзін працэнт на сорак гадоў. Я зьвяртаўся з гэтай нагоды па тлумачэньне ў Менскі гарвыканкам і да дэпутатаў. Яны ў адзін голас кажуць, што нібыта дастаткова заявы аб даваньні крэдыту і можна пачынаць будаўніцтва. Ніякай чаргі на атрыманьне банкаўскага крэдыту, як мяне пераконваюць у Віцебскім гарвыканкаме, чакаць ня трэба.

Вячаслаў, падзяліся з нашымі чытачамі, як адрэагавалі на відэа карыстальнікі сацыяльных сетак.

Разьмешчанае ў сацыяльных сетках відэа прагледзела значная колькасьць карыстальнікаў. Першымі адрэагавалі людзі, якія апынуліся ў падобнай сытуацыі. Такіх набралася чалавек пятнаццаць. Іх у першую чаргу цікавілі мае дзеяньні ў гэтым пытаньні, падрабязнасьці маіх пакутаў, пыталіся парады, распавядалі пра свае праблемы. Адна дзяўчына стаіць на чарзе ўжо дзесяць гадоў. Але за апошнія чатыры гады яна практычна не прасунулася.

Я ведаю, што да тваёй сытуацыі праявілі цікавасьць актывісты кампаніі «Гавары праўду» і асабіста Тацяна Караткевіч. Яны табе чымсьці змаглі дапамагчы?

Што тычыцца кампаніі «Гавары праўду» і Тацяны Караткевіч, якая трымае маю сытуацыю пад кантролем, то яна пераконвае мяне браць крэдыт і будавацца, тым больш пад такі выгадны адсотак. Варыянт з арэндным жытлом горшы, таму я таксама схіляюся да ўзяцьця крэдыту. Але парадокс у тым, што пры звароце ў гарвыканкам мне кажуць: «Чакай чаргі». Сёньня ў каторы раз наведаў гарвыканкам, і мне зноў заявілі: «Чакай чаргі». Падыдзе чарга, тады яны дадуць на выбар: альбо крэдыт, альбо арэнднае жытло на пяць гадоў. У гэтай сытуацыі я не разумею каму верыць: дэпутатам або мясцоваму гарвыканкаму? Я нешта абсалютна заблытаўся.

Вячаслаў, скажы, ці зьвязваеш ты сваю будучыню зь «Віцебскдрэвам»?

Калі пашанцуе знайсьці стабільную, без прастояў, з прымальным заробкам працу, то буду, вядома, звальняцца. Але пакуль такой працы няма, давядзецца прадоўжваць кантракт і згаджацца з тым заробкам, які ёсьць.

Апошнім часам сацыяльныя гарантыі з боку дзяржавы катастрафічна скарачаюцца, ці бачыш ты для сябе хоць нейкую пэрспэктыву на будучыню?

Калі шчыра, у гэтай сытуацыі хочацца зваліць з краіны і не вяртацца сюды ніколі. Ніякіх пэрспэктыў для сябе я тут ня бачу. У пэўным сэнсе я шкадую, што тут нарадзіўся. Нават у той жа Расеі зарплаты нармальныя і цэны ніжэйшыя за нашы. Вось я ежджу па прадукты ў Смаленск, а інакш бы на мае даходы не выжывеш. Там усё нашмат таньней. Нават нашу курыцу прадаюць таньней: калі ў нас яна 40 тысяч каштуе, то там можна купіць за 25-30. Абсурд атрымліваецца: сваім людзям прадаюць па шалёных цэнах, а суседзяў кормяць за капейкі.

Аднак здавацца я не зьбіраюся. Буду судзіцца, біцца буду да апошняга.

С. Горкі