Інтарэсы працоўных заводу, якія ёсьць сябрамі Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ), прадстаўляў у судзе старшыня прафсаюзнай пяршоўкі Віктар Стукаў. Паседжаньне суду вяла судзьдзя Хількевіч Натальля Фёдараўна пры ўдзеле пракурора Цітковай Ірыны Мікалаеўны.
Законнасьць страйку Вярхоўны суд не разгледзіць
Судзьдзя Віцебскага суда Хількевіч Н.Ф. не знайшла падставаў вызваліць прафсаюз ад выплаты судовай пошліны і падоўжыць тэрміны абскарджаньня ў Вярхоўным судзе судовага рашэньня пра забарону страйку, прынятага Віцебскім судом. Гэта значыць, далейшага судовага разгляду правамернасьці страйку на заводзе «Шкловалакно», ня будзе.
На пытаньне нашага карэспандэнта, чаму прафсаюз прапусьціў тэрміны абскарджаньня і ня выплаціў судовую пошліну, адказаў Віктар Стукаў:
«Мы ня лічым, што прапусьцілі тэрміны абскарджаньня, бо кіроўны прафсаюзны орган і старшыня не былі праінфармаваныя судом належным чынам пра рашэньне суду наконт забароны страйку. А аплаце судовай пошліны прафсаюзам процідзейнічае зацікаўленая асоба - наймальнік ААТ «Полацак-Шкловалакно», які забараняе работнікам пералічваць прафсаюзныя ўнёскі на рахунак пяршоўкі СПБ».
Посьпехі ад намеру рабочых страйкаваць
Прафсаюзныя актывісты СПБ лічаць, што намер працоўных правесьці страйк на заводзе, нягледзячы на забарону, прынёс пэўны посьпех. Так, працадаўца ААТ «Полацак-Шкловалакно» праінфармаваў работнікаў пра павышэньне тарыфнай стаўкі з 1 лістапада на 11% і паабяцаў дадатковыя выплаты па 40 рублёў да Новага году.
Страты праз прафсаюзную дзейнасьць
У судовым паседжаньні судзьдзёй быў агучаны ліст, які прыйшоў на электронны адрас суду ад нявысьветленай асобы. Ліст, напісаны нібыта ад імя прафсаюзнага актывіста Мікалая Шараха, утрымлівае хлусьлівую інфармацыю, якая зьневажае дзелавую рэпутацыю прафсаюзу і прафсаюзных актывістаў. На патрабаваньне старшыні прафсаюзу было зачытанае і афіцыйнае абвяржэньне Мікалая Шараха, накіраванае ў суд электроннай поштай.
Наконт гэтага намесьнік старшыні СПБ Мікола Шарах выказаў сваё меркаваньне:
«Цягам апошніх чатырох гадоў я бачу, як расьце варожае стаўленьне да правоў работнікаў на ААТ «Полацак-Шкловалакно» з боку асобных прадстаўнікоў адміністрацыі прадпрыемства. Пад пагрозай звальненьня рабочых прымушаюць да выхаду з прафсаюзу. Наймальнікі звальняюць прафсаюзных актывістаў па надуманых падставах. Зь дзеючым на прадпрыемстве «Шкловалакно» прафсаюзам СПБ наймальнік адмаўляецца весьці калектыўныя перамовы. А цяпер нявызначанымі асобамі ананімна распаўсюджваецца непраўдзівыя інфармацыя пра прафсаюзы дыскрэдытацыйнага характару. Усё гэта – праява нянавісьці і нецярпімасьці да работнікаў, якія заяўляць пра свае правы і адстойваюць свае інтарэсы».
Аляксандар Марозаў