Паводле прафсаюзнага лідэра, чыноўнікі ўраду зьбіраліся зацьвердзіць толькі свае міжнародныя кантакты і зьмены ў Працоўны кодэкс, якія пагаршаюць становішча рабочых. Пры гэтым урадоўцы адмовіліся разглядаць прапанаваныя БКДП пункты пра дэкрэт №3, пра крымінальны перасьлед прафсаюзных актывістаў.
Чарговае паседжаньне Савету па пытаньнях удасканаленьня заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сфэры пры Міністэрстве працы, якое адбылося 14 сьнежня, было самым кароткім – яно скончылася за паўгадзіны. Прадстаўнікі БКДП пакінулі паседжаньне адразу пасьля галасаваньня пра парадак дня. Сябрамі Савету ад дэмакратычных прафсаюзаў зьяўляюцца Сяргей Антусевіч, намесьнік старшыні БКДП, Мікалай Зімін, старшыня БНП, і Мікола Шарах, намесьнік старшыні СПБ. Таксама прысутнічалі старшыня БКДП Аляксандар Ярашук, юрыст БКДП Алена Яськова, прадстаўнік РЭП Ігар Комлік.
Прычыну адмовы ўдзельнічаць у паседжаньні патлумачыў Мікола Шарах:
«Прычына была ў тым, што нашы прапановы ў парадак дня не былі ўключаныя гэтак, як прапаноўвалася намі. Гэта было пытаньне прынцыповае. Міністэрствам працы прапаноўвалася спачатку разгледзець пытаньні правядзеньня супольных мерапрыемстваў зь Міжнародным бюро працы на 2018 год і абмеркаваць новыя зьмены ў Працоўны кодэкс, прапанаваныя ўрадам. Прадстаўнікамі БКДП прапаноўвалася ўключыць асобнымі пунктамі ў парадак дня і абмеркаваць новую рэдакцыю дэкрэту №3 (наконт так званых «дармаедаў»), крымінальны перасьлед лідэраў прафсаюзу РЭП, невыкананьне наймальнікамі пункту 45 Генэральнага пагадненьня. І самае галоўнае пытаньне – адкліканьне з Палаты прадстаўнікоў праекту зьменаў у Працоўны кодэкс, якія замацоўваюць у ім працоўнае рабства – дэкрэт №29 пра кантракты і дэкрэт №5 пра ўзмацненьне дысцыпліны працы. Гэтае патрабаваньне было выказанае дэлегатамі нядаўна праведзенага 10-га зьезду БКДП. Менавіта пералічаныя пытаньні зьяўляюцца самымі балючымі для нашых грамадзян. Без адкліканьня названага праекту ня мае сэнсу ва ўнясеньні якіх-небудзь дадатковых зьменаў у Працоўны кодэкс. Хоць яны, без сумневу, там патрэбныя. Менавіта большасьць гэтых пытаньняў разглядаліся на апошнім паседжаньні Адміністрацыйнай Рады МАП (Міжнародная арганізацыя працы – рэд.) і наконт іх дадзеныя рэкамэндацыі ўраду па недапушчэньні прымусовай працы ў нашай рэспубліцы».
Спадар Ігар Старавойтаў, намесьнік міністра працы, які вёў паседжаньне, не палічыў патрэбным уключаць прапановы дэмакратычных прафсаюзаў асобнымі пунктамі ў парадак дня, а уключыў іх адным трэцім пунктам, пасьля прапаноў свайго міністэрства. Прадстаўнікі БКДП не пагадзіліся, бо лічаць, што абмяркоўваць новыя зьмены ў Працоўны кодэкс недапушчальна, пакуль не адкліканыя зьмены ў Працоўны кодэкс, якія імплемэнтуюць прымусовую працу.
«Я асабіста лічу, што ўрад і астатнія прадстаўнікі старых прафсаюзаў ФПБ у Савеце могуць ператварыць яго ў бутафорыю, імітаваць абмеркаваньне працоўных нормаў, але маніпуляваць і прыкрывацца пры гэтым незалежнымі прафсаюзамі мы не дазволім. Мы гатовыя супрацоўнічаць толькі на роўных», – сказаў Мікола Шарах.
Савет па ўдасканаленьні заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сфэры быў створаны ў траўні 2005 году для спрыяньня выкананьню рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы па ліквідацыі парушэньняў правоў прафсаюзаў. З тых часоў яго палажэньне некалькі разоў зьмянялася. У Склад Савету ўваходзяць па сем чалавек ад ураду, аб'яднаньняў наймальнікаў і прафсаюзаў, у тым ліку трое прадстаўнікоў БКДП. Яго задачай зьяўляецца прывядзеньне ў адпаведнасьць ратыфікаваным Канвэнцыям МАП нормаў беларускага працоўнага заканадаўства. Нейкіх рэальных паўнамоцтваў Савет ня мае, зьбірацца павінен 1 раз на квартал, але на практыцы гэта не выконваецца: папярэдняе паседжаньне адбылося ў чэрвені 2017 году.
Аляксандар Марозаў