Як распавялі прафсаюзныя лідэры, правядзеньне страйку на «Шкловалакне» стала апошняй мерай, каб спыніць зьдзекі з рабочых у выглядзе дыскрымінацыі і псыхалягічнага тэрарызаваньня за ўдзел у Свабодным прафсаюзе. У патрабаваньнях рабочых да наймальніка зьмяшчаецца 17 пунктаў, якія тычацца зьмены нормаў калектыўнай дамовы. Гэтыя патрабаваньні павінны забясьпечыць неўмяшаньне наймальніка ў дзейнасьць прафсаюзу, роўнае стаўленьне да рабочых, якія ўваходзяць у розныя прафсаюзы.
Правядзеньне страйку намечанае на пэрыяд з 1 лістапада да канца году. Як мяркуюць прафсаюзныя актывісты, страйк будзе насіць характар веернага разьвіцьця ў розных брыгадах ў розны час. Рашэньне пра форму, месца і час страйку будуць прымаць непасрэдна працоўныя падразьдзяленьняў на месцах без папярэдняга апавяшчэньня начальнікаў падразьдзяленьняў.
«У кожным разе, - кажа старшыня пяршоўкі СПБ Віктар Стукаў, - згодна з артыкулам 391 Працоўнага кодэксу працоўны індывідуальна прымае рашэньне наконт далучэньня да страйку. Ніякі начальнік ня можа рабочага прымусіць ня ўдзельнічаць у страйку, за гэта прадугледжаная крымінальная адказнасьць начальніку».
Намесьнік старшыні СПБ Мікола Шарах: «Канфэрэнцыя рабочых заявіла пра страйк у поўнай адпаведнасьці з Працоўным кодэксам. У студзені 2017 году прафсаюз заявіў патрабаваньне аб калектыўных перамовах, на пачатку ліпеня былі накіраваныя наймальніку прапановы рабочых. 1 жніўня была прынятая новая калдамова без уліку прапановаў рабочых і без тлумачэньня прычын, чаму ня ўлічаныя гэтыя прапановы. Таму ўзьніклі юрыдычныя акалічнасьці калектыўнай працоўнай спрэчкі. Далей, згодна з Працоўным кодэксам, працэдуры ідуць у вельмі кароткія тэрміны. 8 верасьня прафсаюзам накіраваныя патрабаваньні наймальніку і 22 прапановы па прымірэнчай камісіі. Усе гэтыя лісты прафсаюзу наймальнік праігнараваў. Таму 1 кастрычніка стала відавочным, што згода бакоў наконт калектыўнай працоўнай спрэчкі не дасягнутая».
На канфэрэнцыю работнікаў, арганізаваную СПБ, прыбыло 100% дэлегатаў, якія аднагалосна прагаласавалі за правядзеньне страйку. Колькасьць дэлегатаў канфэрэнцыі і пэрсанальны склад прафсаюз не выдае дзеля бясьпекі работнікаў. 11 кастрычніка прафсаюз накіраваў дырэктару апавяшчэньне пра страйк, як таго патрабуе артыкул 390 Працоўнага кодэксу.
Аляксандар Марозаў