Нядзеля, 24 Верасень 2017

Глыбоцкае «згушчыва» далучылі да заводу, адкуль усе ўцякаюць

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Вядомы на ўсю краіну і за яе межамі Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат, вытворцу знакамітага глыбоцкага згушчанага малака, далучылі ў якасьці філіялу да менш пасьпяховага і не такога буйнога Глыбоцкага камбікормавага заводу.

«Ну ўсе ж думаюць… што горш будзе. Заробкі стануць меншыя».

«Брэнд наш ведалі, прадукцыю нашую ведалі, а цяпер… Пакуль нехта даведаецца, на гэта ўсё патрэбны час».

– кажуць працаўнікі малочнага камбінату.

Акцыянэры прадпрыемства пагадзіліся на гэткае далучэньне

Пакуль на ранейшых умовах і з ранейшымі заробкамі. А вось як будзе далей – невядома. Непакой за будучыню гэтай інтэграцыйнай структуры выклікае найперш камбікормавы завод.

«Усе ўцякаюць адтуль. Бо начальства ставіцца па-іншаму. А па-другое – умовы працы і заробкі зусім іншыя. Там людзі нічога не зарабляюць», – даводзіць працаўнік Глыбоцкага МКК Алег Парфянковіч.

Чаму ўсё гэта адбываецца і што цяпер будзе?

У размове з карэспандэнтам галоўны інжынэр прадпрыемства Ігар Шымко запэўніў, што брэнд глыбоцкага «згушчыва» застанецца такім жа пазнавальным, і патлумачыў, чаму наогул адбылося такое злучэньне.

«Гэта пытаньне не да мяне і не да камбінату. Зьвяртайцеся не ў канцэрн, а ў Віцебскі аблвыканкам. Гэта ініцыятыва не камбінату, проста ёсьць указ, які вымушаныя выконваць усе рэзыдэнты», – паведаміў ён.

Ніхто не разумее навошта ўсё гэта

Лёгіку ўладаў не разумеюць нават тыя, хто пражыў тут усё жыцьцё і на свае вочы бачыў, як прадпрыемства разьвівалася ды з кожным годам заваёўвала новыя рынкі збыту. Пакуль жа беларусы спрачаюцца, якое згушчaнае малако лепшае – рагачоўскае ці глыбоцкае, улады пашыраюць практыку гэткіх далучэньняў пасьпяховых прадпрыемстваў да патэнцыйных банкрутаў.

«Была б лёгіка ў тым, калі б нейкі бізнэсовец купіў гэты камбінат ды зрабіў там глыбокую мадэрнізацыю. Ніхто ніякую глыбокую мадэрнізацыю на гэтым камбінаце з боку камбікормавага заводу рабіць ня будзе», – мяркуе прафсаюзны лідэр Аляксандар Ярашук.

А таму і спадзявацца на высокія эфэктыўныя паказчыкі, мяркуе адмысловец, а пагатоў на павышэньне заробкаў, звычайным працаўнікам ня варта.

Віталь Бабін, belsat.eu