Нядзеля, 04 Снежань 2016

За фізычную працу без выходных – 82 рублі заробку, зь якіх частку выдалі кансэрвамі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На адной са старонак у сацыяльных сетках юнак з Глыбоцкага раёну апублікаваў фотаздымак разьліковага аркушыка. Паводле слоў юнака – гэта разьлік працадаўцы зь ягонай маці, апэратарам машыннага даеньня ААТ “Сельцы” Глыбоцкага раёну за кастрычнік 2016 году. За месяц ёй налічылі заробак памерам 82 рублі. Гэта каля $42 паводле цяперашняга курсу.

Мы скантактаваліся зь юнаком. “Маці працуе без выходных і адпачынкаў. Працоўны дзень – з 5-й да 9-й раніцы, пасьля ўвечары з 5-й да 8-й. Бываюць выпадкі, калі даводзіцца даіць дзьве групы. На жаль, усе пагалоўна ў калгасе атрымліваюць такі заробак, плюс-мінус 30 рублёў”, – распавёў ён.

Аднак і гэтыя 82 рублі жанчына не атрымала на рукі. У разьліковым аркушы напісана, што сума 11 рублёў 71 капейка “Выд. прод. Браслав-рыб” – гэта значыць, замест грошай жанчыне далі рыбныя кансэрвы. Яшчэ 30 рублёў вылічылі за быдла, якое работніца набывала ў гаспадаркі.

У жанчыны – пяцёра дзяцей. Двое сыноў ужо старэйшыя і маюць свае сем’і. Юнак, які апублікаваў разьліковы аркуш маці, прызваны ў войска. І дзьве дачкі – адна студэнтка, другая вучыцца ў школе. Хлопец узяў быў разьліковы лісток маці і паехаў у Менск, паспрабаваў трапіць на асабісты прыём у адміністрацыі прэзыдэнта. Аднак яму гэта не ўдалося.

Памер мінімальнага заробку ў Рэспубліцы Беларусь усталёўвае Савет Міністраў. З 1 студзеня 2016 году працадаўца павінен плаціць работніку ня меней як 230 рублёў на месяц. Аднак у многіх прадпрыемствах сельскай гаспадаркі гэтая норма не выконваецца ўжо некалькі год.

Праца без выходных і адпачынкаў – гэта парушэньне Працоўнага кодэксу. Выдача прадукцыі замест выплаты часткі заробку таксама незаконная. Гэтыя практыкі пашыраныя ў аграрным сэктары Віцебскай вобласьці на працягу апошніх некалькіх гадоў.

Пра катастрафічную сытуацыю з выплатай заробкаў у сельскіх гаспадарках Віцебскай вобласьці westki.info пісалі яшчэ ў лютым. У большасьці гаспадарак выплаты работнікам затрымлівалі на некалькі месяцаў. З ААТ “Сельцы” тады пісалі, што “заробак складае 500 000 – 800 000 рублёў. На 200 тысяч выдаецца прадукцыяй”. Амаль год прамінуў, а лепей у гэтай гаспадарцы ня стала.

Вось такія капейкі атрымліваюць людзі, якія кормяць усю краіну. Інфармацыя пра сытуацыю з заробкамі ў сельскай гаспадарцы амаль не даходзіць да грамадзкасьці. Людзі ў вёсцы ня вераць у магчымасьць зьмяніць сытуацыю – або баяцца помсты начальства, або папросту ня ведаюць, куды зьвярнуцца ў такіх акалічнасьцях.

Янка Зуброўскі, westki.info